Як беларускі топ-бізнесмен абыходзіў санкцыі і прадаваў свае тавары ў ЕС?

Аляксей Жукаў

Аляксей Жукаў / alutech-group.com

Аляксей Жукаў — адзін з самых паспяховых бізнесменаў Беларусі. У свой час яго ўзнагароджваў ордэнам сам Лукашэнка.

Жукаў з'яўляецца стваральнікам найбуйнейшага ва Усходняй Еўропе холдынгу па выпуску ралетаў, варот і алюмініевых профіляў пад брэндам "Алютэх".

Пасля пачатку вайны ва Украіне Жукаў прадаў увесь свой бізнес нямецкай групе кампаній Hörmann, паспеўшы засвяціцца ў пастаўках санкцыйных тавараў у Еўропу.

Расследавальнікі "Бюро" сумесна з нямецкімі выданнямі Paper Trail Media і Manager Magazin, а таксама пры падтрымцы расійскага выдання "Вёрстка", "Кіберпартызанаў" і OCCRP ID расказваюць, як Аляксей Жукаў абыходзіў заходнія санкцыі і прадаваў прадукцыю сваіх прадпрыемстваў у ЕС.

Еўрарадыё коратка пераказвае гэты тэкст.

Паводле інфармацыі "Бюро", праз тыдзень пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Еўрапейскі Саюз забараніў увозіць з Беларусі панэлі, вароты і дзверы са сталі.

Неўзабаве ўступіла ў сілу забарона і на імпарт металургічнай прадукцыі з Расіі, але панэлі, вароты і дзверы са сталі пад санкцыі не траплялі. Гэта значыць з Беларусі некаторую прадукцыю "Алютэха" ў ЕС вывозіць ужо было нельга, а вось Расію забарона не закранула.

Як расказвае "Бюро", з чэрвеня па снежань 2022 года расійская кампанія "Алютэх-Сібір" паставіла чэшскай кампаніі Alutech Systems S.R.O. панэлі, дзверы і вароты са сталі, вырабленыя беларускім прадпрыемствам "Алютэх Варотныя Сістэмы".

Гэтыя тавары не мусілі трапіць у ЕС, але дзірка ў санкцыйным заканадаўстве дала магчымасць для гэтага. Агульны статыстычны кошт пастаўленых тавараў — звыш 5 мільёнаў долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі