Як працуецца былому дармаеду, якога прызначылі дырэктарам Дома культуры

Як працуецца былому дармаеду, якога прызначылі дырэктарам Дома культуры

"Усё добра ў нас, добра з новым дырэктарам працуецца. Ён маладзец, вынаходлівы, актыўны чалавек. Пры ранейшай дырэктрысе таксама было нядрэнна, але цяпер зусім іначай усё. Шмат мерапрыемстваў. Вось, заўтра літаральна ў нас вечар запланаваны. У Дзяніса іншыя метады працы. Мы вельмі ім задаволеныя. Ці замінае нам тое, што ён апазіцыянер і ўладу крытыкуе? Зусім не, не замінае", ― расказвае Еўрарадыё мастацкі кіраўнік Побалаўскага сельскага цэнтра культуры Антаніна Шынкевіч.

Новы дырэктар тут з'явіўся месяц таму. Рагачоўскі актывіст і крытык мясцовых чыноўнікаў Дзяніс Дашкевіч прыйшоў на прыём у райвыканкам, куды акурат прыехаў чыноўнік з Адміністрацыі прэзідэнта. Дашкевіч збіраўся падыскутаваць на тэму дэкрэта №3, давесці ўладам, што яго варта адмяніць, бо працы ў рэгіёне не знайсці пры ўсім жаданні. Чыноўнікі апазіцыянера выслухалі і... ўладкавалі на працу. У Побалаўскі сельскі цэнтр культуры і адпачынку.

Як працуецца былому дармаеду, якога прызначылі дырэктарам Дома культуры
Цэнтр культуры і адпачынку ў Побалаве. Фота дасланае героем матэрыялу.

"Ну якія ў мяне ўражанні. Забюракрытазавана ўсё. Папераў розных. Гэта ўсё замінае творчасці. Ну, і яшчэ ёсць тут такая старшыня сельсавета, Антушэвіч яе прозвішча. Такога чыноўніка я яшчэ не бачыў. З ёй ужо некалькі канфліктаў было. Яны прыцягваюць да розных працаў падначаленых. А я сказаў, што сваіх работнікаў не дам выкарыстоўваць. Яны ўжо немаладыя, праблемы з ціскам. Тым больш, у працоўны час... А сёння мяне старшыня сельсавета ледзьве на машыне не збіла", ― расказвае пра свае прыгоды ў Побалава сам Дзяніс Дашкевіч.

У Дзяніса Дашкевіча ажно шэсць падначаленых, усе яны працуюць у Цэнтры культуры і адпачынку. Ездзіць адзіны на ўсю краіну апазіцыянер-дырэктар ДК на працу з райцэнтра, кожны дзень 20 кіламетраў туды і назад аўтобусам, альбо на папутках.

"Дзень працоўны ў нас ненармаваны. Бывае, прыязджаем у 7 раніцы, з'язджаем у 12 ночы. Цяпер даволі шмат мерапрыемстваў рыхтуем. Адкрылі студыю графічнага дызайну, аб'яднанне праграмістаў-пачаткоўцаў. Гэта ўсё за месяц, што я працую. Па раёне паедзем з канцэртным турам, скажам так. Ужо 12 выездаў запланавалі на гэты год. Курсы па гітары адкрылі, моладзь самаарганізавалася. Рыбалоўны турнір думаем правесці, будзе называцца "Рагачоўскі трафей". Ад 50 да 100 удзельнікаў думаем задзейнічаць. Могуць прыязджаць людзі з усёй Беларусі", ― расказвае Дзяніс Дашкевіч пра свае дасягненні і планы.

Дадае, што быў здзіўлены сустрэчай з боку супрацоўнікаў Цэнтра культуры: "Усё прайшло ідэальна, дапамагаюць мне з бюракратычнымі працэдурамі, з дакументамі".

Заробку за сваю працу Дзяніс Дашкевіч пакуль не атрымліваў, толькі аванс. Выдалі цэлых 150 рублёў. Агулам за месяц працы дырэктар сельскага Цэнтра культуры і адпачынку атрымае каля 300. Кажа, што думак аб звальненні пакуль не мае. "Добраахвотна я звальняцца не маю намеру. Мне падабаецца тут працаваць. Але не ведаю, як сябе мясцовая ўлада павядзе. Яны ж прывыклі, што ўсе слухаюцца. А тут я. Атрымліваецца, што я часткова падпарадкоўваюся старшыні сельсавета. Не разумею, як гэта так атрымліваецца. Не бачыў ніводнага дакумента ці нарматыўнага акта. Але павінен падпарадкоўвацца і старшыні райвыканкама, і старшыні сельсавета. З райвыканкамам у мяне на дзіва нармальныя адносіны. І з Аддзелам ідэалогіі, і іншымі", ― расказвае Дашкевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі