Як прэтэндэнты хадзілі ў ЦВК рэгістравацца (фота+відэа)

Саннікава пусцілі ў выбаркам не адразу, Міхалевіч і Ус прайшлі цішком, а Гайдукевіч пашкадаваў, што няма Мілінкевіча. У апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнты ў прэзідэнты панеслі спісы сваіх паплечнікаў у Цэнтрвыбаркам з самай раніцы. Першым а 10 гадзіне на плошчы Незалежнасці з’явіўся лідар “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў. У спісе — 1831 чалавек. Паводле слоў палітыка, яго самога здзівіла актыўнасць, з якой людзі імкнуліся трапіць у яго групу.

Андрэй Саннікаў: "Рэакцыя была нечакана моцная. І мы надалей будзем збіраць подпісы, бо ёсць магчымасць яшчэ ў панядзелак данесці спісы. І думаю, што мы данясем. І тое, як людзі адгукнуліся на стварэнне маёй ініцыятыўнай групы, дае мне падставы казаць, што я перакананы ў тым, што мы збярэм 100 тысяч подпісаў".



Саннікаў адзначае, што галоўны яго канкурэнт у прэзідэнцкай барацьбе — Аляксандр Лукашэнка. А з усімі астатнімі патэнцыйнымі кандыдатамі ён не выключае магчымасці паразумецца і кансалідаваць сілы. Маўляў, чым больш прэтэндэнтаў на гэтым этапе падасць дакументаў на рэгістрацыю ў ЦВК, тым лепш.

Андрэй Саннікаў:
"Калі людзі пойдуць са сваімі праблемамі, калі яны з гэтымі праблемамі пойдуць у народ, расказваць і шукаць падтрымкі, то, я думаю, тады нарэшце адбудзецца кансалідацыя ўсіх".



Адразу пасля рэгістрацыі Саннікаў заявіў у інтэрв'ю Еўрарадыё, што пачне ствараць індывідуальны фінансавы фонд.

Услед за лідарам "Еўрапейскай Беларусі" ЦВК без усялякай помпы наведаў сябра руху “За свабоду” — беспрацоўны псіхолаг з Калодзішчаў Ілля Дабратвор. Прычынаў хавацца ад журналістаў у чарговага кандыдата не было, нягледзячы на тое, што ў складзе яго ініцыятыўнай групы толькі адзін чалавек — сам Ілля. А ўсё таму, што бацька чатырох дзяцей падаваў дакументы ў ЦВК у якасці пратэсту. Пра гэта ён заявіў у размове з Еўрарадыё.

Ілля Дабратвор:
"Гэта быў пратэст супраць таго, што падаюць дакументы нейкія незразумелыя людзі — як, да прыкладу, тая санітарка. І я вырашыў скарыстаць сваё права падаць заяўку. Але не разглядаю такога варыянту, што яе прымуць".

Згодна са словамі Дабратвора, падаваць заяўку ў якасці сябра руху "За Свабоду" яму забараніла кіраўніцтва арганізацыі. Маўляў, іх арганізацыя не ўдзельнічае ў выбарах ні ў якім выглядзе. Але ўдзел у выбарах Ілля не абмяжуе гэтай акцыяй пратэсту: ён уваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Ўладзіміра Някляева.

Каля 13-й гадзіны ЦВК наведалі амаль нікім не заўважаныя юрысконсульт Алесь Міхалевіч і дырэктар АДА "Трывіюм" Дзмітрый Ус. У першага ў ініцыятыўнай групе каля 1800 чалавек, у другога — больш за 1300.

Следам прыйшоў намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У склад яго ініцыятыўнай групы ўвайшло больш за 1300 чалавек. Збіраць подпісы яны будуць ў 84 раёнах Беларусі.

А 15-й гадзіне ў суправаджэнні трох бліжэйшых паплечнікаў са спісам у 10484 чалавекі прыйшоў лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. І адразу заявіў, што ў яго асобе ЦВК нарэшце наведаў самы моцны прэтэндэнт.



Сяргей Гайдукевіч:
“Я іду трэці раз на выбары. І зараз іду вельмі моцным. У гэтым вы ўпэўніцеся зараз і праз некалькі дзён. А што тычыцца 100 тысяч подпісаў, то калі ініцыятыўная група 10484 чалавекі і кожны за дзень збярэ хаця б па 10 подпісаў, памножце на 10000 — вось і ўвесь адказ”.

Лідар ЛДПБ плануе сабраць у сваю падтрымку не менш як 1 мільён подпісаў. І ні з кім з іншых кандыдатаў аб’ядноўвацца не збіраецца.

Сяргей Гайдукевіч:
“Так яны ўжо ўсе зараз крычаць у інтэрнэце, нават пра Лукашэнку забыліся, што мне подпісы збірае БРСМ і ўсё, што заўгодна. Я слухаю і радуюся: “Моцны я, ой які моцны!” Не здзіўлюся, калі яны з Лукашэнкам аб’яднаюцца супраць мяне. На 100 адсоткаў гэта будзе!”



І пашкадаваў, што на выбары не пайшоў самы варты прадстаўнік апазіцыі — Аляксандр Мілінкевіч. Адначасова Гайдукевіч заявіў, што на гэтых выбарах “крамлёўскага” кандыдата няма. А ў яго проста некаторыя думкі з расійскім кіраўніцтвам па пэўных пытаннях супадаюць.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі