Як студэнты галасуюць датэрмінова: рэпартаж з выбарчых участкаў
12 лістапада ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. За пару дзён да таго студэнтам сталі прыходзіць паведамленні пра тое, што трэба абавязкова прагаласаваць датэрмінова — і як мага хутчэй. Ці паслухаліся студэнты? Каб праверыць гэта, Еўрарадыё наведала выбарчыя ўчасткі ў студэнцкіх інтэрнатах.
Участак №172, акруга №96 — інтэрнат №1 БДУ
У 12:30 на выбарчым участку не бачым ніводнага выбаршчыка. Старшыня выбарчай камісіі адзначае, што актыўнасць “нармальная”, а галасаваць прыходзяць не толькі студэнты.
Участак №171, акруга №95 — інтэрнат №5 БДТУ
13:00. У холе 15-павярховага будынка таксама няшмат людзей, але старшыня камісіі расказвае Еўрарадыё, што каля паўсотні чалавек ужо прагаласавалі. Пры гэтым не студэнт з іх — толькі адзін, усе астатнія выбаршчыкі — з інтэрната БДТУ.
Участак №548, акруга №116 — 11-ы корпус БНТУ
З 14-й да 16-й гадзіны на ўчастках для датэрміновага галасавання перапынак. Адразу пасля яго прыходзім на ўчастак, што знаходзіцца на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ. За некалькі гадзін да таго ў тэлеграм-канале “отчислено” з’явіліся скрыншоты пра тое, што ўсе мусяць галасаваць датэрмінова, іначай усю групу не адпусцяць на выхадных дадому.
Кіраўнік участковай камісіі Дзмітрый Русакевіч расказвае Еўрарадыё, што на дадзены момант (каля 16:10) прагаласавала 8-9% выбаршчыкаў і гэта былі выключна студэнты. Гэта блізка да рэкорднай яўкі, якую знайшло 12 лістапада Еўрарадыё. І гэта толькі пачатак датэрміновага галасавання:
“Як паказвае мой досвед, а я працую на выбарах ужо не першы раз, заўтра [13 лістапада] будзе больш шматлюдна, а паслязаўтра будзе самы вялікі паток. А вось у пятніцу ўжо пойдзе спад, так што ў суботу будзе зусім няшмат людзей. Так што будзе за сённяшні дзень ну, можа, 10-12%, не больш, гэта нармальна. У асноўны дзень галасавання мала хто са студэнтаў ходзіць на ўчасткі, прасцей жа гэта зрабіць датэрмінова, каб выхадныя былі цалкам вольныя”.
Участак №285, акруга №99 — інтэрнат №11 БДУ
Перамяшчаемся ў Студэнцкую вёску, дзе знаходзіцца адразу некалькі ўчасткаў. Перш за ўсё ідзём у 11-ы інтэрнат БДУ. Ва ўчастак для галасавання тут ператварылі невялічкі кабінет. Студэнты-назіральнікі тут сядзяць вочы ў вочы з сябрамі выбарчай камісіі, якая таксама часткова складаецца са студэнтаў. Гэта, бадай што, самы маленькі ўчастак для галасавання ў Беларусі!
Студэнткі прыходзяць сюды галасаваць у тапачках ды шортах. Жыхары інтэрната ідуць на ўчастак актыўна, адзін за адным.
Участак №287, акруга №99 — інтэрнат педуніверсітэта
У 17:15 у вялікай змрочнай актавай зале няма нікога, акрамя двух членаў выбарчай камісіі ды двух назіральнікаў. Старшыня камісіі не надта гаваркі: актыўнасць выбаршчыкаў “досыць высокая”, “зала зроблена вялікай і камфортнай, каб не ўтвараць чэргаў”, вось і ўсё.
Участак №286, акруга №99 — інтэрнаты БДУІР і МДЛУ
“Нельга казаць, каб усе вось так і пабеглі галасаваць. Усё як і заўсёды тут у нас, ідзе досыць планамерна па днях. Няма такога, каб у нейкі асобны дзень быў натоўп. Што датычыцца колькасці, то [стан на 17:25] мы прынялі ўжо каля ста чалавек”, — расказваюць прадстаўнікі выбарчай камісіі. Падчас нашай размовы дзве дзяўчыны заходзяць, каб прагаласаваць. Фонам грае спакойная музыка. Так і цягне самога ўзяць бюлетэнь, зайсці ў кабінку ды падумаць пра нешта высокае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.