Як у 90-я: слонімскі завод разлівае “пладова-выгаднае” віно ў пластык
На паліцах беларускіх крамаў з’явілася “пладова-выгаднае” віно ў пластыкавых стаканчыках. Гэта выглядае так, быццам бы ў Беларусі ўвялі акцызы на ёгурт. Спіртны напой “Слонімскі пачастунак” прадаецца аб’ёмам 0,25 грамаў і каштуе крыху больш за паўтара рублі.
На “Слонімскім віна-гарэлачным заводзе”, дзе вырабляюць “пачастунак”, гандль віном у такой тары называюць адраджэннем традыцый.
“У ПЭТ-упакоўцы мы прадаем тыя ж віды пладова-ягаднага віна, што і ў шкле. Але і іх выпуск у шкле мы захавалі, — распавядае Еўрарадыё намесніца дырэктара прадпрыемства па камерцыйных пытаннях Алена Троцкая. — Калі памятаеце, некаторы час таму разліў віна ў такіх стаканчыках быў актуальны. Карыстаўся попытам. Мы вырашылі аднавіць традыцыі і прапанавалі пакупніку такі від тары. Усё для пакупніка!”.
На заводзе дадаюць, што эксперымент часовы і разлічаны на цёплае надвор’е. І разлічваюць, што ўлетку попыт на віно ў ёгуртавых стаканчыках павялічыцца.