Як у Крыме: начны Брэст без асвятлення (фотарэпартаж)

Як у Крыме: начны Брэст без асвятлення (фотарэпартаж)

З 17 лістапада па начах у Брэсце адключаюць ліхтары. Вярнуць асвятленне ў цэнтры чыноўнікі абяцаюць да 30 лістапада. Еўрарадыё паназірала, як жыве начны горад.

"У мэтах аптымізацыі расходу энергетычных рэсурсаў і эканоміі бюджэтных сродкаў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт вырашыў забяспечыць з 17-га лістапада адключэнне ў поўным аб'ёме знешняга асвятлення горада з 24-й гадзіны да 5-й раніцы штодзённа", ― гаворыцца ў заяве гарадскіх уладаў.

У першыя дзве “эканомныя” ночы святло адключалася апоўначы. Цяпер вулічнае асвятленне працуе даўжэй ― да першай гадзіны. Выключэнне ― выхадныя, у ноч з пятніцы на суботу і з суботы на нядзелю ліхтары працуюць.

У ноч на 24 лістапада Еўрарадыё паназірала, як праходзіць “распрацоўка варыянтаў эканамічнага асвятлення горада” і дзе ліхтары ўсё ж такі працуюць.

Пасля першай гадзіны ночы ліхтары асвятляюць частку праспекта Машэрава ад прыпынка "ЦУМ" да Кобрынскага моста ўключна.

Пешаходная вуліца Савецкая, апроч камерцыйных аб’ектаў, часткова асвятляецца керасінавымі ліхтарамі. Ліхтаршчыка, які штодня іх запальвае, кіраўніцтва “Брэстгарсвятла” не скараціла з мэтай эканоміі.

Уваход у мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” уначы па-ранейшаму асвятляецца.

Плошча Леніна. Галоўныя адміністрацыйныя будынкі горада знаходзяцца менавіта тут. Абрысы Брэсцкага аблвыканкама можна ўбачыць, толькі калі побач праязджае аўтамабіль. Аніякіх іншых крыніц святла ў начны час тут няма.

Мікрараён Кіеўка. Від з боку чыгуначнай станцыі “Брэст-Усходні”. Бліжэйшыя дамы крыху асвятляюцца ліхтарамі з чыгункі, увесь астатні мікрараён — у цемры.

Скрыжаванне вуліцы 28 ліпеня і Варшаўскай шашы. На радасць тым, хто едзе ў Польшчу і адтуль, праезная частка асвятляецца да памежнага перахода.

20-павярховікі ў мікрараёне Усход.

Насупраць — бізнэс-цэнтр і адміністрацыя Маскоўскага раёна Брэста.

Праезная частка вуліцы Маскоўскай, калі па ёй не праязджаюць аўтамабілі.

Былая вёска Вычулкі некалькі гадоў таму канчаткова “прапісалася” ў межах Брэста, як мікрараён. Прыватны сектар славіцца шыкоўнымі катэджамі, некаторыя з якіх, па чутках, належаць чыноўнікам рознага маштабу. Да Межыгор'я Януковіча гэтым участкам, вядома, далёка, але ўдзень тут таксама ёсць на што паглядзець.

Як бачым, аніякіх прывілеяў у мясцовых жыхароў няма – ліхтары тут не працуюць, як і ў іншых жылых кварталах горада. Адзіны здымак атрымліваецца зрабіць, калі на некалькі хвілін з-за аблокаў з’яўляецца месяц.

А прыкладна так сустракае начны Брэст аўтамабілістаў, якія едуць з боку трасы М1.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі