Як уплывае апошняе слова абвінавачанага на прысуд

Выступ у судзе расійскага блогера і палітыка Навальнага ужо расцягалі на цытаты. Беларускія палітвязні таксама зрывалі апладысменты на сваіх працэсах. Адвакат Тамара Сідарэнка кажа, што мала хто з абвінавачаных адмаўляецца выказацца, нягледзячы на фармальнасць працэдуры.

“Вельмі рэдка нехта адмаўляецца. Часта гэта бывае фармальнасцю, невялікай прамовай. Калі гэта невялікі працэс, працэс, які не мае грамадскай значнасці… Але ўвогуле, на маёй памяці толькі каля 10% абвінавачаных адмаўляюцца ад апошняга слова на судзе”.

Сідарэнка, якая ў свой час абараняла экс-кандыдата Някляева, расказвае, што адвакаты звычайна інструктуюць падабаронных перад апошнім словам. Падказваюць, пра што трэба сказаць. Аднак у выніку абвінавачаны самастойна піша сабе тэкст альбо выступае без паперкі. Хоць цяпер у Беларусі на сентыментальнасць суддзяў разлічваць не даводзіцца.

“Раней, калі былі народныя засядацелі… Хоць яны таксама не вельмі ўплывалі на рашэнне суда, але яны былі ўдзячнымі слухачамі. Асабліва калі абвінавачаны граматна літаратурна гаворыць, стараецца патлумачыць нешта”.

На працэсах былых кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў масавай акцыі пратэсту апошнія выступы абвінавачаных былі акурат доўгімі і граматнымі. Ці дапамагло гэта ім, сказаць цяжка. А вось апошняе слова гродзенскага журналіста Пачобута, абвінавачанага ў абразе гонару кіраўніка краіны, было вельмі кароткім. Пачобут працытаваў суддзі кароткі радок з Бібліі пра тое, што не варта раскідвацца бісерам перад свіннямі ды паведаміў, што ён гэтага рабіць таксама не будзе. Гаворыць, што на законнасць суда нават не спадзяваўся.

“Я ведаў, што гэты суд нічога не вырашае, што гэта марыянтекі і ўсё ўжо вядома. Тым больш, што паседжанне было закрытым, нягледзячы на тое, што суддзя не змог патлумачыць неабходнасць гэтага”.

Як ні дзіўна, але Пачобута выпусцілі з-пад варты ў зале суда, хоць пракурор і прасіў тры гады турмы. Якім чынам на гэтае рашэнне паўплывала незвычайная прамова абвінавачанага, мы наўрад ці даведаемся.

Ніжэй — урыўкі з апошніх выступаў на судах вядомых абвінавачаных і рашэнні суддзяў па іх справах.

Расійскі блогер і палітык Аляксей Навальны. Пракурор запрасіў для яго 6 гадоў турмы. Прысуд пакуль не агучаны.

“Я хацеў бы завяршыць свой выступ заклікам да тых людзей, якія працуюць са мной, якія хочуць працаваць са мной — не баяцца рабіць гэтага. Нас усё адно больш, нас сотні тысяч і мільёны. Адбываецца сапраўды смешная штука, пры якой вось тыя сто чалавек сілай тэлебачання, інерцыі, дзякуючы грамадскай апатыі, яны захапілі тут уладу. Ну не можа быць такога бясконца, каб стасаракамільённая, гіганцкая, самая вялікая ў свеце, адна з самых багатых краін падпарадкавалася проста купцы нейкіх вырадкаў, якія проста нават ніхто. Яны нават не алігархі і ніякія, якія проста шляхам хітрасці, розуму або гэтак далей стварылі капіталы — не, гэта проста нейкія мізэрныя, я не ведаю, былыя камсамольцы, потым яны сталі дэмакратамі, цяпер яны сталі нейкімі патрыётамі. Яны захапілі ўсё… Гэта непаразуменне. І гэта непаразуменне будзе выпраўленае нашай працай. Дзякуй вялікі!”

Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Пракурор “прасіў” сем гадоў пазбаўлення волі. Суддзя “даў” пяць гадоў калоніі.

“Я хачу выказаць глыбокую падзяку ўсім тым, хто аказаў мне, асабліва маёй сям'і, маральную падтрымку, праявіў салідарнасць, дапамог абараніць майго сына. Мяне пазбавілі магчымасці падзякаваць людзям, якія дапамагалі мне ў маёй кампаніі. Я хачу гэта зрабіць сёння. Дзякую ўсім тым, хто падтрымаў мяне, хто прагаласаваў за мяне 19 снежня. Мне было вельмі важна ведаць, што вы падзяляеце маё бачанне будучыні нашай краіны. Я ведаю, што нас большасць. Я ведаю, што мы даможамся свабодных выбараў. Я люблю сваю сям'ю больш за жыццё. Я люблю Беларусь. Я вельмі люблю свабоду. Я ведаю, што мая сям'я, усе людзі Беларусі будуць шчаслівыя, калі мы станем свабоднымі, а гэта немагчыма без выканання законнасці. Жыве Беларусь!”

Аляксандр Фядута, супрацоўнік перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Пракурор прасіў пакараць Фядуту двума гадамі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам два гады. Суд прысудзіў дакладна такі тэрмін.

“Высокі суд! Тры месяцы і дваццаць дзён у СІЗА КДБ — выдатная магчымасць многае абдумаць. Па-іншаму ацэньваеш свабоду. Тыя магчымасці, якія яна адкрывае. У прыватнасці, магчымасць абняць жонку, прачытаць газету і з'ездзіць на навуковую канферэнцыю. І калі для мяне, саракашасцігадовага чалавека, час, праведзены ў СІЗА — вялікі тэрмін, то для дваццацігадовых хлапчукоў, якім далі па чатыры гады калоніі, — гэтыя чатыры гады і зусім — вечнасць. І ў тым, што гэтыя чатыры гады яны атрымалі, ёсць і мая віна, якую я прызнаю. Таму, калі мяне пытаецца следчы, ці раскайваюся я, я шчыра казаў і кажу: так, раскайваюся. Раскайваюся глыбока і шчыра. І ў наступны раз я зраблю ўсё, каб людзі ішлі на плошчу па тратуары. Дзякуй!”

Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Пракурор прасіў восем гадоў пазбаўлення волі, суд даў шэсць.

“Дзякую за мужнасць тым, хто прыйшоў на плошчу. І прашу прабачэння ў тых, хто быў ні за што збіты, апынуўся ў клетках. Хачу сказаць сваякам, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз гэта высокае месца. Вышэй, чым на тым канцы залы. Звяртаюся да дыпламатаў — не трэба прапаноўваць злачынцам грошы. Калі вы зробіце гэта, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой”.

Ігар Аліневіч, анархіст. Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў 9 гадоў пазбаўлення волі. Суд прысудзіў восем.

“Я не хачу каментаваць усе эпізоды прад'яўленых мне абвінавачанняў. Я лічу, што ў ходзе судовага паседжання мая віна не даказана... Хачу сказаць, што акцыя каля Генштаба восенню 2009 года стала маёй апошняй анархісцкай акцыяй, пасля гэтага я адышоў ад спраў, таму што вырашаў жыллёвае пытанне і працаваў у аэратэхнічнай вобласці, і дзеянні праваахоўных органаў па прыцягненню мяне ў якасці злога генія я лічу спробай аказаць ціск на анархісцкі рух Беларусі, паказаць, што любы можа быць абвінавачаны, усё адно — актыўны ўдзельнік або спачуваючы”.

Анджэй Пачобут, журналіст. Пракурор прасіў тры гады турмы, суд прысудзіў тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады, Пачобута вызвалілі ў зале суда.

“У Бібліі гаворыцца — не кідайце бісер перад свіннямі. Вось і я не буду”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі