Якія вытворчасці ў Беларусі — самыя стратныя?
“Нялюдскія лічбы”: вырасціць рыбу каштуе ў 2,5 раза больш за “гатовы прадукт”, а сельская гаспадарка нават з датацыямі не змагла “выйсці ў нуль”.
“Дзе гэта вы ўзялі такія лічбы?” — дзівяцца са звестак на сайце Белстата у рыбгасе “Солы”. Статыстычны камітэт публікуе звесткі пра рэнтабельнасць беларускіх прадпрыемстваў. А прадпрыемствы з імі не пагаджаюцца.
“Вось аб’ём вытворчасці ў мяне за першы квартал — 4 мільярды 602 мільёны, а выдаткі на вытворчасць — 2 мільярды 221 мільён. Атрымліваецца выдаткаў на 1 тысячу рублёў вырабленай прадукцыі — 482 рублі”, — падводзяць баланс у ААТ “Рыбгас “Навінкі”, што ў Віцебскай вобласці.
Рэнтабельнасць — больш за 50%! Але па афіцыйный статыстыцы, у першым квартале на 1 тысячу рублёў вырабленай прадукцыі ў рыбагадоўлі прыходзілася… 2 тысячы 491 рубель выдаткаў!
Пад ціскам аўтарытэта Белстата бухгалтарка “колецца”: лічба рэальная!
“Яны лічылі, відаць, па ўсёй рыбнай галіне. З усімі-ўсімі такая лічба можа быць. Бо першы квартал у нас — выдаткі ідуць, а выхаду прадукцыі амаль няма…”.
З табліцы бачна, што ёсць яшчэ дзве абсалютна стратныя галіны. У сельскай гаспадарцы на 1 тысячу рублёў вырабленай прадукцыі выдаткоўваюць 1 тысячу 46 рублёў, а ў лясной гаспадарцы — 1 тысячу 40 рублёў.
Як жа існуе гэтая стратная вытворчасць? У Брэсцкім лесагаспадарчым аб’яднанні Еўрарадыё неспадзявана кажуць, што маюць рэнтабельнасць у 17%!
“У вас нейкія лічбы, прабачце, нялюдскія! На 1 тысячу рублёў вырабленай прадукцыі за першае паўгоддзе мы чакаем недзе на ўзроўні 848 рублёў выдаткаў”, — распавядае намеснік гендырэктара прадпрыемства па эканоміцы Уладзімір Чорненькі.
Прыбытак лясная гаспадарка атрымлівае ад продажу драўніны і нават ад… лазневых венікаў:
“Гэта паляванне, рыбалоўства, мёд, лазневыя венікі і гэтак далей”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар Брэсцкага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Тыцік.
А вось у сельскай гаспадарцы з лічбай Белстата пакорліва пагаджаюцца. Выпадковым чынам выбіраем калгас — і трапляем у СВК “Урыцкае”, што ў Гомельскай вобласці.
“Атрымліваецца так, што выдаткі растуць большымі тэмпамі, чым аб’ёмы вырабленай прадукцыі”, — канстатуе галоўны эканаміст калгаса.
Калгас застаецца на плыву дзякуючы дзяржаўным датацыям:
“Нам дзяржава вылучае датацыі на набыццё таварных запасаў, на аплату выкананай працы, аказаных паслугаў, фінансаванне бягучых выдаткаў. Дае льготу на набыццё ўгнаенняў, паліва і гэтак далей. Гэта ўсё ўключаецца ў нерэалізацыйныя даходы і ідзе на прыбытак. Калі зняць іх — атрымліваецца, што гаспадаркі спрацавалі са стратамі”, — працягвае галоўны эканаміст.
Нават з дзяржпадтрымкай 41 гаспадарка ў краіне ў першым квартале неяк спрацавала стратна. А калі “зняць” яе, іх колькасць узрастае ў… 20 разоў. Без датацый колькасць стратных арганізацый сельскай гаспадаркі — 813. Гэта больш за палову.
Фота: chistoprudov.livejournal.com.