Яшчэ адна краіна хоча адгарадзіцца мурам ад мігрантаў
Каля 19,5 тысяч мігрантаў перасеклі харвацка-славенскую мяжу за чатыры дні, якія мінулі пасля закрыцця харвацка-венгерскай мяжы. У аўторак славенская паліцыя суправадзіла калону з двух тысяч бежанцаў у абсталяваны для іх лагер ля горада Брэжыцэ. Славенія можа прыняць у сябе толькі 6 тысяч мігрантаў, перадае Еўраньюс.
Двухмільённая Славенія з цяжкасцю спраўляецца з патокам мігрантаў. Прэзідэнт краіны Борут Пахар мае намер прасіць у ЕС дадатковыя паліцэйскія сілы для ўзмацнення памежнага кантролю. Таксама ўжо сёння, 21 кастрычніка, можа набыць моц спецыяльны закон, паводле якога ўзброеныя сілы Славеніі атрымаюць спецыяльныя паўнамоцтвы для аховы мяжы.
Міністэрства ўнутраных справаў гэтай краіны не выключае будаўніцтва памежнага бар’еру, як гэта зрабіла Венгрыя.
Паводле звестак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, паток мігрантаў дасягнуў піку ў гэтыя дні: бежанцы імкнуцца дасягнуць новага месца жыхарства, меркавана ў Аўстрыі ці Нямеччыне, да зімовых халадоў.
Фота: AFP