Яшчэ тры беларусы прызнаныя палітвязнямі

Яшчэ тры беларусы прызнаныя палітвязнямі

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ трох чалавек. На 20 красавіка ў краіне налічваецца 357 палітвязняў, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Як адзначаюць праваабаронцы, Кірыл Казей і Юрый Сяргей 31 сакавіка былі асуджаныя судом Заводскага раёна Мінска. Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 339, ч. 3 арт. 295 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 7 і 6 гадоў адпаведна са штрафам у памеры 4350 рублёў.

Гэтыя мінчукі ішлі да кіроўцы BMW, які жорстка збіваў на дарозе мужчыну з бел-чырвона-белым сцягам. Іх затрымалі на падыходзе да дома.

Правабаронцы адзначаюць шматлікія парушэнні правоў чалавека і законнасці судовага працэсу. У прыватнасці, яны згадваюць, што Казея катавалі, каб ён прызнаў сваю віну і агаварыў сябе. Абарона абвінавачаных была пастаўленая ў няроўнае становішча з абвінавачаннем. У якасці доказаў на судзе, як гаворыцца ў заяве, фігуравалі фальшывыя доказы злачынства.

4 лютага ў Баранавічах на два гады пазбаўлення волі асудзілі Аляксея Павядайлу: у багажніку яго машыны знайшлі гаручую сумесь для "кактэйля Молатава". Сам мужчына казаў, што не вырабляў сумесь, а толькі перавозіў. Ён планаваў выкарыстоўваць яе для асабістых побытавых патрэбаў.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што Павядайлу па падазрэнні ва ўдзеле ў пратэстах прыцягнулі да крымінальнай адказнасці пры адсутнасці злачынства. "Абвінавачанаму прызначана максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй артыкула 295-3 КК у адсутнасці абцяжваючых віну акалічнасцяў, што падкраслівае зацікаўленасць суда і абвінаваўчы ўхіл пры вынясенні выраку", — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць перагляду вынесеных прысудаў і вызвалення палітвязняў з-пад варты. Таксама яны заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Па стане на 20 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 357 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі