"Ён вас, вы — яго": у Светлагорску "госам" забараняюць мець зносіны са СМІ
ua.news
Тэлеканал "Белсат" раніцай 6 чэрвеня апублікаваў дасланы ў рэдакцыю дакумент — "Алгарытм дзеянняў кіраўніка і супрацоўнікаў арганізацый пры рабоце са СМІ". У ім апісана, як прадстаўнікі дзяржарганізацый Светлагорскага раёна павінны мець зносіны з журналістамі.
Калі журналіст, які прыйшоў у арганізацыю, прадстаўляецца фрылансерам, супрацоўнікам "Белсата" ці членам "Беларускай асацыяцыі журналістаў", дакумент прадпісвае ўстрымацца ад каментарыяў і адразу "тэлефанаваць у райвыканкам Манькевіч Але Віктараўне або Пятроўскаму Канстанціну Валер'евічу". У дакуменце не пазначаныя іх пасады, затое ёсць нумары мабільных тэлефонаў.
А калі журналісты "робяць спробы правакацыі, агрэсіі (часцей за ўсё так і адбываецца)", неабходна "дэманстратыўна" выклікаць міліцыю. "У выпадку канфліктнай сітуацыі пажадана здымаць усё на тэлефон. (Ён вас, вы — яго.)", — напісана ў інструкцыі.
Змест дакумента супярэчыць артыкулу 34 беларускай Канстытуцыі, якой "гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў". Не кажучы ўжо пра тое, што спроба забараніць дарослым людзям з кімсьці мець зносіны ў прынцыпе выглядае ў XXI стагоддзі дзіка і несучасна.
Зрэшты, начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама Ала Манькевіч, чый тэлефон пазначаны ў дакуменце, сцвярджае, што не мае да яго ніякага дачынення.
"Я знаходжуся ў такім лёгкім шокавым стане, — кажа Еўрарадыё Ала Манькевіч. — Напэўна, камусьці было цікава прыдумаць такі жорсткі фэйк. Мне зачытвалі тое, што там напісана. На слых гэта ўспрымаецца вельмі цікава. Яшчэ і тэлефон размясцілі мабільны. Я такога дакумента (хоць дакументам гэта назваць складана), такіх рэкамендацый не нараджала. І тым больш не рассылала".
Ці можа за алгарытмам стаяць які-небудзь іншы чыноўнік? Ала Манькевіч сумняваецца:
"Калі браць работнікаў выканкамаў, не думаю, што падобнага роду рэчы могуць з'яўляцца на паперы. Вы ж разумееце... У нас наладжаныя нармальныя канструктыўныя адносіны практычна з усімі агенцтвамі, СМІ. Ва ўсякім выпадку, я ніколі не хаваюся. У нас, па-мойму, нават такіх сітуацый не было, каб нехта прыходзіў і яму казалі: не пусцім".
Журналісты "Белсата" пастаянна сутыкаюцца з тым, што супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый адмаўляюць ім у каментарыях. Праблемы ў рабоце з "госамі" ўзнікаюць і ў іншых журналістаў.
"Вы не паверыце, але ў Маладзечне даўно ёсць такі дакумент, — піша ў абмеркаванні "Алгарытма" журналістка "Рэгіянальнай газеты" Аксана Ярашонак-Камінская. — Ва ўсякім выпадку, многія раённыя чыноўнічкі спасылаюцца на яго, калі ім тэлефануе журналіст нашага выдання".