Юрый Чавусаў: Праекты Прохарава – частка гульні крамлёўскіх паліттэхнолагаў

120605 Chavusau s.mp3

Еўрарадыё: Міхаіл Прохараў у Расіі плануе стварыць партыю “Грамадзянская платформа”, у якой не будзе ні лідараў ні ідэалогіі. Ці магчыма, на вашую думку, на практыцы стварыць такую партыю?

 

Юрый Чавусаў: Сапраўды, канструкцыя, якую прапануе спадар Прохараў для новай палітычнай арганізацыі, выглядае досыць экзатычна, нават для расійскага палітычнага ландшафту. З іншага боку, заявы пра адсутнасць ідэалогіі і адсутнасць харызматычнага правадыра, апора на актывістаў сярэдняга ўзроўню паказваюць, што, хутчэй за ўсё, мы маем справу са спробай структураваць і інстытуцыйна аформіць тую арганізацыйную структуру, якая была ў Прохарава ў часе прэзідэнцкай кампаніі. Мабыць, крамлёўскія архітэктары, якія спрычыніліся да гэтага палітычнага праекту, будуць разлічваць выкарыстоўваць яго і надалей. Справа ў тым, што ў Расіі дастаткова структураванае палітычнае поле, там ёсць сапраўды масавыя палітычныя партыі, ёсць структураваная разгалінаваная непарламенцкая апазіцыя, якая абапіраецца на масы. І, напэўна, падобнага кшталту палітычныя праекты – гэта частка гульні крамлёўскіх паліттэхнолагаў. 

 

Еўрарадыё: То бок партыя створана для падтрымання “Адзінай Расіі”?

 

Юрый Чавусаў: Напэўна не для падтрымання, а хутчэй для стварэння ўражання, што “Адзіная Расія” перамагае ў спаборніцтве з нейкімі сапраўды існуючымі палітычнымі сіламі. Такі сабе новы спарынг-партнёр, больш сучасны чым ЛДПР ці КПРФ. 

 

Еўрарадыё: Як гэтая канструкцыя будзе падтрымліваць сваё функцыянаванне, чым яна будзе адрознівацца ад простага збору кандыдатаў на выбары з рознымі палітычнымі поглядамі?

 

Юрый Чавусаў: Адзін са шляхоў стварэння палітычных партый, гэта акурат стварэнне дапаможных структураў для кандыдатаў, якія балатуюцца на выбары. То бок праз удзел у выбарах партыя ўласна і ствараецца. Тэхнічна гэта магчымы варыянт, калі аб’ядноўваюцца людзі з больш-менш агульнымі светапогляднымі перакананнямі з рознымі праграмамі, датычнымі пэўных рэгіёнаў. Праз аб’яднанне гэтых ужо наяўных рэгіянальных лідараў можа вырасці разгалінаваная палітычная структура. Ёсць адчуванне, што проста машына, створаная на прэзідэнцкія выбары, зараз аформіцца ў выглядзе палітычнай партыі.

 

Еўрарадыё: Ці магла б падобная палітычная канструкцыя стаць выйсцем для беларускай апазіцыі?

 

Юрый Чавусаў: Не думаю, што ў дадзеным выпадку нейкія ўрокі і высновы для беларускай апазіцыі з пакуль яшчэ толькі запачаткаванай ініцыятывы Прохарава можна знайсці. Занадта вялікая розніца паміж расійскай і беларускай палітычнымі сістэмамі. У Расіі сапраўды яшчэ засталася канкурэнтная палітыка на нізавым узроўні – суб’ектаў федэрацыі, муніцыпальных выбараў, выбараў у гарадскія і рэгіянальныя саветы, гарадскія думы. “Адзіная Расія” абсалютна не настолькі ўпэўнена адчувае сябе, як, напрыклад, вылучэнцы беларускай наменклатуры, так званай вертыкалі на сваіх выбарах. Там і галасы лічаць, і сапраўды ёсць месца для сур’ёзных палітычных кампаніяў. Нездарма беларускія паліттэхнолагі рэгулярна ездзяць у Расію на заробкі, не менш чым ва Украіну, дзе таксама захавалася канкурэнтная палітыка. У Беларусі стварэнне новай палітычнай арганізацыі і перафарматаванне апазіцыі адбываецца ва ўмовах, калі выбараў няма. Нават існуючыя палітычныя партыі канстатуюць, што канкураваць з уладай на так званых парламенцкіх выбарах немагчыма, таму што галасы не лічацца. Адпаведна задачы, якія будзе вырашаць новая палітычная партыя ў Расіі, карэнным чынам адрозніваюцца ад тых задач, якія стаяць перад беларускай апазіцыяй. Перад беларускай апазіцыяй стаіць задача вяртання ў палітычнае поле. Зараз працэсы адбываюцца такім чынам, што наадварот - прастора магчымага для беларускай апазіцыі змяншаецца. 

 

Еўрарадыё: Ці магчымае ўвогуле існаванне такой партыі – без ідэалогіі, без лідараў? Ці ёсць такая практыка ў свеце?

 

Юрый Чавусаў: Партыйныя сістэмы ў свеце існуюць вельмі экзатычныя, у тым ліку і з пункту гледжання тых крыніц, з якіх вырастаюць палітычныя партыі. Ёсць палітычныя партыі, якія грунтуюцца на тым, што ў краіне адбываюцца выбары, трэба аб’ядноўваць кандыдатаў аднолькавых палітычных платформаў і ствараюцца партыі, арыентаваныя на выбарчы працэс. Класічныя прыклады – партыі ў Англіі ці ЗША. Ёсць партыі, якія грунтуюцца на нейкіх ідэалагічных канструктах. Ёсць партыі, якія грунтуюцца на на масавасці і масавай падтрымцы насельніцтва, напрыклад, сацыял-дэмакратычныя партыі, з якіх уласна і пачаліся масавыя партыйныя рухі, калі апорай партыі была не наяўнасць элітных груповак уплыву, а наяўнасць тысяч ці нават мільёнаў сяброў, якія плацяць складкі, і такім чынам могуць фінансаваць самастойны палітычны праект. Ёсць нават партыі, якія грунтуюцца на чытачах газет – у Францыі былі партыі, якія грунтаваліся на людзях, што выпісвалі нейкія газеты, чыталі аднолькавыя матэрыялы, падтрымлівалі іх і з гэтага вырасталі палітычныя рухі.

 

Еўрарадыё: То бок, заява Прохарава, што ствараецца штосьці цалкам новае - беспадстаўная?

 

Юрый Чавусаў: Для любога навага палітычнага праекта карысна заявіць, што такога раней не было. Нават у Беларусі мы бачым, што чарговая трэцяя сіла практычна перад кожнымі выбарамі з’яўляецца. Але гэта ў дадзеным выпадку паліттэхналагічныя хітрыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі