З апазіцыйнай БСДП выйшлі каля 100 чальцоў
Каля сотні чальцоў пакінулі апазіцыйную Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП). Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе групы.
Сход групы адбыўся 10 верасня ў Рэчыцы. У ім удзельнічалі 28 сябраў БСДП з розных рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку былі сябра ЦК БСДП Настасся Герыловіч, намеснік старшыні партыі Леанід Дубаносаў, прадстаўнік Гродзеншчыны Алег Рамашкевіч, прадстаўнік Віцебшчыны Яўген Вільскі.
Удзельнікі сходу выказалі меркаванне, што ў партыі даўно пануе нездаровая атмасфера.На іх думку, БСДП займаецца ўнутранымі разборкамі, а кіраўніцтва партыі душыць ініцыятывы рэгіянальных арганізацый, накіраваныя на актыўную працу з грамадствам.
Таксама ўдзельнікі сходу звярнулі ўвгу на тое, што з партыі былі выціснутыя рэгіянальныя актывісты, не згодныя з кіраўніцтвам. Як прыклад называліся экс-кіраўнікі Гомельскай і Гродзенскай абласных арганізацыяў Алег Шабетнік і Алег Рамашкевіч, каардынатарка жаночай працоўнай групы "Жанчыны БСДП" ад Віцебскай вобласці Валянціна Болбат і кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Яўген Вільскі, каардынатарка жаночай працоўнай групы "Жанчыны БСДП" Жанна Семянтовіч.
Акрамя таго, удзельнікі сходу заявілі, што прэзідыўм партыі сёлета тройчы адмаўляўся прызнаць устаноўчы сход Рэчыцкай раённай арганізацыі БСДП.
"Мы спрабавалі ўсімі прымальнымі спосабамі ў дэмакратычнай арганізацыі прыцягнуць увагу да гэтай прадузятасці, адстаяць сваё права, гарантаванае партыйным статутам. Напрыклад, 7 з 15 сябраў ЦК БСДП правялі забастоўку, 27 жніўня 6 чальцоў Цэнтральнага Камітэта на знак пратэсту супраць аўтарытарнага кіраўніцтва, парушэнняў прынцыпаў свабоды і справядлівасці пакінулі пасяджэнне ЦК, але ўсё - дарэмна... Рэгулярна прапаноўвалі планы развіцця партыі і канкрэтныя ідэі па працы з грамадствам, аднак за доўгія гады не атрымалі ніякай падтрымкі", — гаворыцца ў звароце.
Таму сацыял-дэмакраты вырашылі пакінуць партыю, абвінаваціўшы яе кіраўніцтва ў грэбаванні не толькі ўнутрыпартыйнай дэмакратыяй, але і элементарнымі нормамі чалавечых узаемаадносін.
Акрамя 28 чалавек, якія прысутнічалі на сходзе ў Рэчыцы, да гэтага рашэння далучыліся сябры БСДП, якія пражываюць па ўсёй Гомельскай вобласці — агулам 68 партыйцаў. Таксама з шэрагаў БСДП выйшлі многія прадстаўнікі Віцебскай вобласці і частка сяброў партыі з Гродзенскай вобласці.