З Беларусі адпраўлены аўтобус да турыстаў, якія трапілі ў аварыю ў Чэхіі
Да беларускіх турыстаў, якія трапілі ў аўтааварыю ў Чэхіі, адпраўлены аўтобус. Ён даставіць назад у Беларусь тых, хто не пацярпеў падчас аварыі. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным твітары МЗС Беларусі.
Як інфармавала Еўрарадыё, здарэнне адбылося 6 студзеня каля населенага пункта Літаборж у Чэхіі. Аўтобус, у якім было 49 пасажыраў (дзеці з бацькамі) перакуліўся на слізкай дарозе. Шпіталізаваныя 15 падлеткаў, у тым ліку двое — у цяжкім стане.
У каментары Радыё "Свабода" прэсавая прадстаўніца паліцыі Эва Прахаржава паведаміла: "Турыстычны аўтобус з'ехаў з трасы, якую на той момант блакавала аварыя, і пачаў аб’язджаць шашой ніжэйшай катэгорыі. На пласце размяклага снегу аўтобус занесла, і ён перакуліўся на правы бок на полі каля шашы".
Тэст на алкаголь у абодвух кіроўцаў аўтобусу паказаў адмоўны вынік.