“З хлопца робяць няўдзячнага эгаіста”. Гісторыя С., які напаў на бацьку з нажом
Здарэнне, якое адбылося ў Мінску два месяцы таму, ужо тыдзень абмяркоўвае ўся Беларусь. 24 верасня 2018 года Зміцер Цімашкоў, вядомы па блогу “Лільчын тата”, разам з дачкой Ліляй вярнуўся з гарадскога марафона ў Маскве. Дома іх чакаў С., старэйшы сын Змітра. Калі бацька нахіліўся, каб завязаць шнуркі, 14-гадовы хлопец неспадзявана дастаў нож і ўдарыў мужчыну ў спіну.
Цімашкоў — той самы бацька, які ў верасні 2015 года прабег Мінскі паўмарафон з 8-гадовай дачкой Ліляй, хворай на дзіцячы цэрэбральны параліч. З таго часу Зміцер і Ліля паўдзельнічалі ў некалькіх забегах: бацька — на сваіх дваіх, дачка — у дзіцячым вазку. Напад на яго адбыўся праз тры гады і некалькі дзён ад таго, першага забегу.
Дзіўна выглядае, што ніхто, акрамя бацькі, нічога не распавядае журналістам пра інцыдэнт і пра тое, што да яго прывяло. Карціна атрымліваецца вельмі аднабокая: бацька, які прысвяціў жыццё хворай дачцэ і сваім прыкладам матывуе людзей не здавацца ў складаных сітуацыях, і сын, які зрабіў невытлумачальны жорсткі ўчынак. Еўрарадыё спрабуе разабрацца ў сітуацыі.
“Ён заўсёды знешне трымаўся. Ён разумны”
Два гады таму Зміцер Цімашкоў развёўся са сваёй другой жонкай — Вольгай, мамай Лілі і С. Цяпер жанчына прадстаўляе інтарэсы хлопчыка. Шмат часу яна разам з адвакатам праводзіць у ізалятары ў Жодзіна, дзе зараз, пакуль ідзе следства, знаходзіцца С. Калі справа дойдзе да суда, Вольга будзе прадстаўляць сына на працэсе.
Еўрарадыё звязалася з жанчынай, але яна адказвае неахвотна: “Я столькі маўчала, і цяпер буду маўчаць”.
“Вы ведаеце, цяпер мяне, шчыра кажучы, больш хвалюе не грамадскае меркаванне, а маё дзіцё, — распавядае Вольга. — Мне не хочацца ўвесь гэты бруд выліваць. Проста таму, што гэта маё дзіцё. Так, мы з ім бачымся, наколькі гэта магчыма. Я яму дапамагаю, наколькі гэта магчыма. Увогуле раблю ўсё, што магчыма, каб дапамагчы сыну”.
Па размове з Вольгай зразумела, што размаўляць ёй цяжка. Жанчына часта замаўкае і падбірае словы.
“Ён [С. — Еўрарадыё] ніколі знешне не паказваў ніякіх… Так, сапраўды, праблемы былі. Трымаецца ён… Знешне трымаецца. Ён заўсёды знешне трымаўся. Ён разумы не па гадах, вельмі інтылегентны і інтэлектуальны. Ён здольны аналізаваць. Бывае, калі кропаеш у адну бочку вельмі доўга, дык пасля з яе пачынае вылівацца. Чалавек перагарае. Так адбылося і ў гэтай сітуацыі”.
Вольга не можа шмат распавесці, бо ідзе следства, і ўсе удзельнікі справы знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
"Зрываюся, б'ю па вуснах, па макушцы… далоні ўжо баляць, але не магу спыніцца”
Па словах Змітра Цімашкова, С. рос вельмі разумным дзіцём. У хлопчыка была нянька, бацька вазіў яго ў асаблівы дзіцячы сад, аддаў у адну з лепшых гімназій Мінска. Чытаць хлопец навучыўся вельмі рана: да пачатку школы перачытаў усю дзіцячую літаратуру па некалькі разоў.
"Я стараўся, ён ад пачатку рос ў коле высокаінтэлектуальных людзей. У яго была нянька, чытаў кнігі з дзяцінства. Да пачатку школы яму ўжо зусім няма чаго было чытаць з дзіцячай літаратуры, таму што ён перачытаў сам з сабой ўсю па некалькі разоў. У чатырнаццаць гадоў ён чытае Курта Ванегута, Сола Белоў, то бок тое, што не ўсе дарослыя чытаюць”.
Зміцер кажа, што С. заўсёды быў любімым дзіцём, ніколі не адчуваў сябе кінутым. Але пасля з’яўлення сястры хлопчык шмат у чым быў аддадзены сам сабе. Калі нарадзілася Ліля (ёй 12 гадоў), хлопчыку было два гады.
“Недастаткова часу. Зразумела, што, калі у цябе было 100% увагі на дзіцё, калі нарадзілася другое, дык застаецца толькі 50%. А калі дзіцё з праблемамі, дык і таго менш”, — распавядае Цімашкоў.
Адносіны бацькі з сынам былі не бясхмарнымі. У 2014 годзе Цімашкоў у “Жывым журнале” апісвае сямейную вячэру без маці. С. сядзеў і скардзіўся, што маці нешта зрабіла не так, а Зміцер карміў Лілю. Раптам ён пачуў фразу: "Як вернецца — я ёй урэжу".
Далей Цімашкоў апісвае, як біў сына:
“Зрываюся, б'ю па вуснах, па макушцы, закрываецца, б'ю па шыі, па лапатках, ён скучваецца вужом, скуголіць, вырываецца, далоні ўжо баляць, але не магу спыніцца”.
“Хлопчыка выстаўляюць няўдзячным эгаістам, а гэта няпраўда”
Завуч школы, у якой вучыўся С., адмовілася каментаваць сітуацыю, пакуль ідзе следства. Але жанчына падкрэсліла: “Мы думаем у першую чаргу пра дзіцё. Мы абараняем правы непаўналетніх у сваёй школе, як і ва ўсіх школах”.
Маці аднаго з сяброў С. распавяла Еўрарадыё, што чула пра хлопца толькі станоўчае, і шчыра суперажывае яму.
“Сітуацыя, калі бацька абараняе сябе, а не дзіця, асабіста для мяне ненармальная. Артыкулы ў СМІ выстаўляюць хлопчыка няўдзячным эгаістам. А гэта няпраўда. Ды і наогул, які бацька ў такой сітуацыі стаў бы пісаць эпасы ў сеткі? Усё няпроста...
У мяне як у адной з бацькоў проста сэрца разрываецца ад такой несправядлівасці… Але гэта ўсё маё асабістае меркаванне. Мы (сябры, аднакласнікі, бацькі аднакласнікаў і настаўнікі) з С. усёй душой. Вельмі спадзяёмся на добрасумленнае разбіральніцтва і суд. Хлопчык добры. Я заўсёды чула пра яго толькі добрае як ад хлопцаў, так і ад бацькоў. А пра адносіны з бацькам ён сябрам не казаў”.
“Апошнія месяцы былі вельмі напружаныя”
У размове з Еўрарадыё Зміцер Цімашкоў прыгадвае, як сын прамовіў: "Я цябе ненавіджу". Па словах бацькі, на пытанні міліцыянтаў С. адкрыта адказваў, што вырашыўся на напад сам і зрабіў жахлівы ўчынак свядома, бо хацеў забіць. Зміцер распавядае Еўрарадыё, што не мог зразумець, з-за чаго яго сын мог пайсці на такі ўчынак. Але цяпер, калі ён пачаў праводзіць уласнае расследаванне і шукаць зачэпкі ў пакоі С., думкі на гэты конт усё ж з’явіліся:
“Апошнія месяцы былі вельмі напружаныя, па розных прычынах. Напрыклад, у сувязі з маёй працай, у сувязі з яго асабістымі праблемамі. Увогуле, гэта быў вельмі цяжкі перыяд у жыцці. Канчатковых высноў пакуль сказаць не магу, таму што яны недастаткова абгрунтаваныя”.
У Следчым камітэце Еўрарадыё распавялі, што супраць падлетка распачатая крымінальная справа:
“Ленінскім раённым аддзелам [горада Мінска] Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да непаўналетняга юнака. Справа расследуецца пра замах на забойства яго бацькі [ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 139 КК РБ]. Малады чалавек знаходзіцца пад вартай”.
Псіхатэрапеўт: “У гэтай гісторыі кожны пацярпеў па-свойму”
Псіхатэрапеўт Канстанцін Мінкевіч пракаментаваў сітуацыю, у якую трапіла сям’я Цімашковых, на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. На яго думку, такія ўчынкі не робяцца на пустым месцы, а дзяліць удзельнікаў падзей на ахвяр і гвалтаўнікоў няма сэнсу, бо пацярпеў кожны з іх.
“Калі ўсё добра, дык павінна адбывацца нешта больш-менш добрае. А калі атрымалася такое незразумела што, дык, напэўна, першапачаткова ўсё пайшло не так, — распавядае Еўрарадыё Мінкевіч. — І складваецца ўражанне, што ў гэтай гісторыі кожны пацярпеў па-свойму. Я зыходжу з ўяўлення пра тое, як такія сітуацыі ўвогуле могуць выглядаць у людзей. Ёсць здаровая рэакцыя на такія ўзрушэнні. Тады чалавек перапрацоўвае, спраўляецца і больш-менш гарманічна працягвае жыць з папраўкай на тое, што з ім адбылося. У дадзеным выпадку тое, што там адбывалася ў апошні час, выглядае перакосам. Спачатку выглядала яно так, як быццам бы ён [Зміцер Цімашкоў] справіўся. Бацька займаецца дачкой, нягледзячы на ўсё, бегае, актыўнае жыццё. Выглядае ўсё добра. А ёсць яшчэ другі пласт, і ён зусім нядобрым апынуўся”.