З кім пасля з’езду партыі Лябедзька больш не будзе вітацца?
На з’ездзе АГП вырашылі лёс мясцовых выбараў, абралі новага старшыню і выкрылі змову супраць партыі
Падчас справаздачна-выбарчага з’езда Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які ў нядзелю прайшоў у Мінску, вырашалася, ці будзе партыя браць і далей удзел у мясцовых выбарах і хто будзе стаяць на чале АГП.
Што тычыцца ўдзелу ў выбарах, то прадказаць, як падзеляцца меркаванні на гэты конт дэлегатаў з’езду было не складана — прыкладна пароўну. Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Малярчук, за ўдзел у выбарах “да канца” выступалі тыя, хто ў выбрах яшчэ ніколі не браў удзел.
Уладзімір Малярчук: “Гэта людзі, якія ні разу не бралі ўдзел у выбарчым працэсе. Яны не ўяўляюць, што можна нахабна сфальсіфікаваць, нахабна ўсё, што заўгодна зрабіць і нікому за гэта нічога не будзе. Яны гэтага не ўсведамляюць. І ёсць надзеі, што можна ўсё ж перамагчы”.
Астатнія дэлегаты выступалі за выхад з выбарчага працэсу. Але таксама ніяк не маглі вызначыцца з тым, як гэта зрабіць: бразнуць дзвярыма ўжо зараз, ці цягнуць з гэтым да апошняга. Кропку паставіла галасаванне дэлегатаў: партыя спыняе свой удзел у мясцовых выбарах. Праўда, тым, у каго застаўся “бляск у вачах”, дазволілі самім для сябе вырашыць гэтае пытанне і пры жаданні працягваць змагацца за дэпутацкі мандат.
У той жа час частка сябраў партыі лічаць такое рашэнне не зусім правільным. Як, да прыкладу, сябра Палітрады партыі Аляксандр Дабравольскі.
Аляксандр Дабравольскі: “Ёсць важкія аргументы для таго, каб не ўдзельнічаць. Зразумела, што гэта будзе фарс і галасоў ніхто не будзе лічыць, як і раней. У гэтым удзельнічаць нельга. Але працаваць з людзьмі неяк трэба. Выкарыстоўваць магчымасці выбарчай кампаніі, каб данесці да людзей інфармацыю, што ёсць апазіцыя, што ёсць нармальныя кандыдаты, што гэтыя выбары несправядлівыя ў рэшце рэшт”.
Таму Аляксандр Дабравольскі падчас галасавання ўстрымаўся, а Ўладзімір Малярчук заявіў, што спачатку выкарыстае ўсе магчымасці выбарчай кампаніі, звернецца да выбаршчыкаў праз СМІ, а потым сыйдзе з дыстанцыі.
Больш цікавай абяцала быць другая палова з’езду — выбарчая. Тым больш, што быў інтрыгуючы сімптом: адзін з дэлегатаў, Сяргей Балыкін, трымаў у руках паперу з надпісам “Партыя! Дай паруліць”. А ў размове з Еўрарадыё ён прызнаўся, што кіраўніцтва партыі даўно пара мяняць і што вартых заняць пасады старшыні і яго намеснікаў у АГП хапае.
Сяргей Балыкін: “Можна Лябедзьку замяніць. Ёсць у партыі людзі разумныя, якія могуць яго замяніць і рабіць справу лепш, чым ён”.
Праўда, прапаноўваць сваю кандыдатуру на месца Анатоля Лябедзькі ці намесніка старшыні, Балыкін адмовіўся. Кажа, пасаду займу, але толькі тады, калі хтосьці з кіраўнікоў вырашыць самастойна сыйсці “на пенсію”. Распачынаць жа ўнутрыпартыйную барацьбу ў гэты складаны час, маўляў, не жадае.
Тое, што ў партыі ёсць людзі больш рашучыя, пацвердзілася, калі пачалося вылучэнне кандыдатаў на пасаду старшыні. Апроч чаканага прозвішча Лябедзькі хтосьці з залы прапанаваў кандыдатуру Віктара Гарбачова, прадпрымальніка з Барысава. І як пацвердзіў ён сам, гэты было не спантаннае рашэнне кагосьці з ягоных сяброў.
Віктар Гарбачоў: “З пэўнымі сябрамі партыі мы вялі сустрэчы, перамовы, кансультацыі па магчымым вылучэнні мяне і пастаноўцы на чале партыі”.
Але, кажа, пасля трох бяссонных начэй роздумаў ён вырашыў, што досведу і сілы духу на тое, каб узначаліць партыю, у яго не стае. І зняў сваю кандыдатуру. Такім чынам пацвердзіў словы і Ўладзіміра Малярчука, і Аляксандра Дабравольскага пра тое, што вартых людзей у партыі шмат, але замены Лябедзьку пакуль няма — лава запасных пустая.
Рашэнне Гарбачова зняць сваю кандыдатуру пазбавіла Лябедзьку адзінага канкурэнта і ён пры 89 галасах “за” і 17 “супраць” ізноў узначаліў АГП. Але за самім гэтым фактам палітык ўбачыў змову не толькі супраць сябе, але і партыі.
Анатоль Лябедзька: “Я ведаю, хто з кім размаўляў, што прапаноўваў. І рабілася гэта не для таго, каб АГП стала больш моцнай, альбо кааліцыя. Гэта такая справа, якая датычыць рэсурсаў. Нехта палічыў, што калі АГП будзе ісці не ў тым накірунку як зараз, то для іх адкрыюцца нейкія дадатковыя фінансавыя рэсурсы. Я лічу гэта за мяжой маральнасці”.
Што гэта за таямнічыя змоўцы, пераабраны старшыня АГП называць пакуль не захацеў. Але даў зразумець, як іх можна будзе “пралічыць”.
Анатоль Лябедзька: “Пасля з’езда ёсць усе падставы для таго, каб не падаваць рукі некаторым людзям з дэмакратычнага цэху. І канешне паўстане пытанне аб выключэнні некаторых людзей з партыі. Менавіта за іх амаральнасць”.
Далей з’езд прайшоў без сюрпрызаў. І новымі-старымі намеснікамі старшыні абралі Яраслава Раманчука і Льва Марголіна. І ніхто з іх ад прапанаванай пасады не адмовіўся. Таму Сяргей Балыкін так і застаўся шэраговым сябрам партыі. А ўсе астатнія ўздыхнулі з палёгкай. Не забыўшыся, праўда, нагадаць кіраўніцтву, што партыі неабходныя ўсё ж змены і рэканструкцыя. Вось толькі што яны пад гэтым разумеюць, не тлумачылі.
Фота: Змітра Лукашука