З-за крызісу ў ЕГУ ў студэнтаў праблемы з сесіяй
“Выкладчыка звольнілі, а ён не паспеў прыняць экзамен”.
Канфлікт Сената ЕГУ і адміністрацыі трывае ўжо больш за паўгода. З-за звальненняў студэнты не могуць здаць іспыты ў час.
“У нас вёў гісторыю Павел Церашковіч, калі яго звольнілі, былі студэнты, у якіх не былі выстаўленыя адзнакі па іспытах. Гэта быў досыць працяглы перыяд, але пасля адзнакі выставілі, усё ж”, — расказвае Еўрарадыё студэнт Максім, які вучыцца ў ЕГУ на журналіста.
Італьянскі страйк выкладчыкаў ледзь не сарваў сесію на спецыяльнасці міжнароднае права, дзеліцца студэнтка Марыя:
“Была небяспека, што нам маглі не закрыць сесію. Выкладчыкі хацелі на час сесіі правесці італьянскі страйк, не выстаўлялі адзнакі. Але ўдалося гэтага пазбегнуць. Адміністрацыя і выкладчыкі неяк дамовіліся”.
Незразумела пакуль, хто будзе весці заняткі ў наступным годзе, Марыя чакае траціну новых выкладчыкаў.
“Наколькі я ведаю, ідзе конкурс на выкладчыкаў, і ў наступным годзе чакаю, што ў нас будзе 30% новых выкладчыкаў”, - гаворыць Марыя.
Цяпер адміністрацыя ЕГУ ўзяла на працу 17 выкладчыкаў, 15 з іх ужо працавалі ва ўніверсітэце. Наперадзе конкурс на 40 вакансій. Але ва ўніверсітэце ўжо не выкладаюць, як мінімум, гісторык Павел Церашковіч і журналіст Таццяна Мельнічук.
“Мяне ніхто не папярэджваў, што мяне заменяць. Толькі калі па вясне да мяне звярнуліся студэнты і іх бацькі, я пра гэта даведалася. Я звярнулася да кіраўніка дэпартамента медыя і атрымала пісьмовы адказ, што ў ЕГУ ідзе перабудова, мой курс “Асновы радыёжурналістыкі” будзе цяпер называцца “Практычная радыёжурналістыка””, — расказвае Таццяна Мельнічук.
Цяпер у студэнтаў у раскладзе выкладчыкам "практычнай журналістыкі" пазначаецца Джыліян Хокінг. А дапамагае ёй па задуме адміністрацыі Ганна Шадрына — былая намесніца галоўнага рэдактара “Савецкай Беларусі” і выпускніца магістратуры ЕГУ.
У Сенаце ўніверсітэта па сёння не ведаюць выкладчыцкі склад на наступны год, тлумачыць выкладчык Канстанцін Ткачоў:
“Па сёння не вядома, што будзе з выкладаннем на наступны год. Да Сената не даводзіўся план на наступны год. У нашым дэпартаменце сацыяльных і палітычных навук быў конкурс на тры пазіцыі. А па астатніх не вядома, ці будуць яны выкладаць у наступным годзе. Прычым, усе ва ўніверсітэце ведалі, хто выйграе конкурс”.
Конкурс сярод выкладчыкаў ЕГУ прызналі несапраўдным прадстаўнікі літоўскай улады. Цяпер адміністрацыя ЕГУ мусіць даць адказ кантралёру ад літоўскіх уладаў на пачатку чэрвеня.
Фота: ehu.lt