За апошнія 6 гадоў у Беларусі закрылі кожную шостую школу
За апошнія 6 гадоў у Беларусі закрылі амаль кожную шостую школу. Толькі за 2017 год закрылася 88 беларускіх школ. Такія звесткі ў зборніку "Дзеці і моладзь" за 2018 год дае Белстат.
У 2011-2012 навучальным годзе колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі складала 3707, а ў 2017-2018 годзе — 3067. То бок за 7 навучальных гадоў спынілі сваю працу 640 устаноў, ці каля 17% ад тых, што працавалі ў 2011-м!
Адначасова з гэтым колькасць вучняў вырасла на 56 тысяч чалавек.
Больш за ўсё школ закрылі ў Віцебскай вобласці — 167. А гэта траціна ад усіх, што працавалі на пачатку 2011/2012 навучальнага года. Колькасць вучняў змянілася не так значна — усяго мінус 500 чалавек.
Горад Мінск стаў адзіным рэгіёнам, у якім школ стала болей — але ўсяго на чатыры. Пры гэтым у сталіцы стала амаль на 38 тысяч школьнікаў больш.
За 7 гадоў амаль удвая — з 9 да 16 — узрасла колькасць прыватных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць іх вучняў павялічылася з 527 да 871. Да 2017/2018 навучальнага года адкрыліся дзве новыя прыватныя школы.