За год падкантрольная дзяржаве сумесь для дзяцей даражэе на 37 тысяч
“Кошты не адпусцім!” — абяцае кіраўнік Дзяржкантролю Леанід Анфімаў. Будуць праводзіць маніторынг коштаў на прадукты.
“Не бачу падставаў для заклапочанасці. Дзяржава не адпускала кошты на спажывецкія тавары. Мы кантралявалі і будзем кантраляваць кошты ў інтарэсах краіны”, — даводізць Леанід Анфімаў.
Раней па рэкамендацыі Мінгандлю нацэнка на тавары магла быць не большай за 30%. Але цяпер, як даведалася Еўрарадыё, ёсць некія ўнутраныя дакументы пра гэта.
“Цяпер даручана кіраўніцтвам краіны і урадам трымаць кошты. Гэтыя рэкамендацыі даведзеныя да кіраўніцтва гарадоў і раёнаў, але гэта дакументы ўнутранага карыстання”, — кажуць у Мінгандлю.
Маніторыць збіраюцца не толькі прадукты са спісу сацыяльна значных, кошты на якія рэгулюе дзяржава, але і іншыя. Сачыць за коштамі будуць таксама па званках грамадзян.
“Сацыяльна значныя прадукты — у першую чаргу. Але будзем сачыць і за коштамі на паслугі, на мяса-малочную прадукцыю, на школьныя тавары”.
Паглядзім, як дзяржава трымала кошты на сацыяльныя і несацыяльныя прадукты гэты год у Мінску.
У спісе сацыяльна значных тавараў, кошты на якія рэгулююцца дзяржавай, сёння 9 найменняў: ржаны хлеб, ялавічына і свініна, курыныя яйкі, малако, сухія сумесі, кансервы для дзіцячага харчавання, паслугі аздараўляльных летнікаў.
Гэты спіс зменшылі адразу на 11 пазіцый год таму. Раней, напрыклад, дзяржава сачыла за сасіскамі і каўбасой. За год без кантролю сасіскі ў Мінску патаннелі на 2 тысячы (ліпень мінулага году і ліпень гэтага), а падкантрольныя яйкі наадварот дадалі ў цане 2 тысячы.
Сацыяльна значны цукар у сталіцы падаражэў за год на 3 тысячы: з 9600 за кілаграм да амаль 13 тысяч, па звестках Белстата. А “нязначны” плаўлены сыр патаннеў амаль на 2 тысячы: з 77 тысяч да 75 тысяч за кіло. Сацыяльнае дзіцячае харчаванне наогул набірае ў кошце 37 тысяч!
Таннее толькі свініна: мінус 13 тысяч за гэты год.
У 2013 годзе, сацыяльна значнымі перастаюць быць мясны фарш, кава, гарбата і сыры.
Фота: ecovoice.ru