За першы ўік-энд пракату камедыя "ГараШ" тройчы акупіла бюджэт
Трагікамедыя Андрэя Курэйчыка "ГараШ" пра мінскі раён Шабаны за першы ўік-энд пракату сабрала ўтрая больш за свой бюджэт. Пра гэта інфармуе прэс-служба Курэйчыка.
Паведамляецца, што выдаткі на фільм, які здымаўся ў чэрвені 2015 года, склалі 51 мільён рублёў. Тым часам пракат у кінатэатрах Беларусі (з улікам паказу на фестывалі "Лістапад") прынёс ужо крыху больш за 162 мільёны рублёў.
Курэйчык адзначае, што фільм меў толькі 40 сеансаў па ўсёй краіне, прычым пераважна ў малых залах. Да таго ж, стваральнікі нічога не ўклалі ў рэкламу. Тым не менш квіткі на сеансы раскупляліся на 70-100%, кажа аўтар.
Для параўнання стваральнікі фільма "ГараШ" нагадваюць, што нацыянальны кінапраект "Мы, браты" меў афіцыйны бюджэт у пяць мільёнаў долараў. Пасля паказаў ва ўсіх кінатэатрах Беларусі ён сабраў 41 тысячу долараў.
Супрадзюсар фільма "ГараШ" Дзмітрый Фрыга паведаміў, што пракатчыкі па-за межамі Мінска адмовіліся браць трагікамедыю з Аляксандрам Кулінковічам і Арцёмам Куранем у галоўных ролях. Так, фільм не пабачаць жыхары Магілёўскай вобласці. Адмовіліся ад яго кінатэатры Гомеля, Барысава, Маладзечна, Салігорска.