За жорсткае забойства дзяўчыны мінчуку прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі

За жорсткае забойства дзяўчыны мінчуку прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі

1 жніўня Мінскі гарадскі суд вынес прысуд за забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю, перадае БЕЛТА.

Самое злачынства адбылося 8 верасня 2017 года. Каля адной са школаў сталіцы нецвярозы мужчына напаў на дзвюх дзяўчат і біў іх, як паведамляецца, "колюча-рэжучымі, вострымі і тупымі прадметамі па розных частках цела". Адна з іх памерла на месцы здарэння, а другая змагла ўцячы, хоць і з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.

Падчас расследавання высветлілася, што мужчына меў дачыненне таксама да разбойнага нападу на мінскую краму 23 жніўня 2011 года. За гэта яго таксама судзілі разам з напарнікам.

Мужчыну празнылі вінаватым у замаху на наўмыснае забойства двух чалавек, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, у пагрозе ўжывання гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, у мэтах непасрэднага завалодання маёмасцю, групай асобаў. Яго асудзілі на 22 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён мусіць выплаціць пацярпелым кампенсацыю маральнай шкоды.

Другога мужчыну, які ўдзельнічаў у нападзе на краму, прызналі вінаватым у пагрозе ўжывання гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю, у складзе групы асобаў. Яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд не набыў законную моц, ён абскарджаны ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе. Апеляцыйная інстанцыя суда разгледзіць гэтую крымінальную справу 31 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі