"Забараняюцца манёўры штуршкамі!" Відэа прыбыцця корпуса рэактара ў Астравец
1 жніўня расійская карпарацыя "Расатам", якая будуе Астравецкую АЭС, распаўсюдзіла заяву аб інцыдэнце на будаўнічай пляцоўцы. Паводле словаў намесніка гендырэктара карпарацыі Аляксандра Локшына, корпус рэактара "саслізгнуў і дакрануўся да зямлі":
"На вышыні каля 4 метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) з'явілася няспраўнасць пад'ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, даткнуўшыся да зямлі", ― пры гэтым расіяне настойваюць, што ніякай шкоды важнай дэталі прычынена не было. Што не замінае ім працягваць праверкі корпуса.
Еўрарадыё адшукала архіўнае відэа дастаўкі корпуса рэактара ў Астравец па чыгунцы. На ім чырвонымі літарамі напісана: "Увага! Груз вялікагабарытны. Забараняецца прапускаць праз горкі. Забараняецца праводзіць манеўры штуршкамі".
Пра "саслізгванне па стропах з вышыні чатырох метраў" пазнакаў няма.