Задорнаў: Выклікаюць неўразуменне сённяшнія дзеянні беларускіх уладаў!
"Навошта так падстаўляцца? Жорстка разганяць дэманстрацыі, біць журналістаў, саджаць іх за краты?" — здзіўляецца сатырык Міхаіл Задорнаў пасля візіту ў Мінск.
У сваім блогу расійскі сатырык Міхаіл Задорнаў выклаў уражанні пасля нядаўняй паездкі ў Мінск. Горад і, увогуле, той лад жыцця, які ён пабачыў у Беларусі, пакінуў у яго станоўчыя ўражанні. Задорнаў параўноўвае Беларусь і Расію і робіць выснову: "Павучыцца б нам у беларусаў!"
Але некаторыя дзеянні беларускіх уладаў выклікаюць у сатырыка неўразуменне. "Навошта так падстаўляцца? Навошта так падстаўляцца? Жорстка разганяць дэманстрацыі, біць журналістаў, саджаць іх за краты? Пазбаўляць візаў тых замежнікаў, якія рэзка і крытычна выказаліся пра беларускую ўладу? — піша Міхаіл Задорнаў. — Задзірлівасць нявартая моцных людзей! Хто ад яе выйграе? Толькі праціўнікі! Тыя, каго пазбавілі візаў, будуць на ўвесь свет крычаць: “Вы бачыце, мы мелі рацыю! У Беларусі — тыранія!" Няўжо нельга быць хітрэйшымі? Ну пабіў дэманстрант шкло… У суд! І прысуд: зрабіць за свой рахунак еўрарэмонт ва ўсім доме! Наступным разам задумаецца: ці ісці ўвогуле на дэманстрацыю?
Навошта з журналістаў, якія змагаюцца за дэмакратыю на замову Захада, рабіць герояў? З дэманстрантаў, якія па глупстве ці пад гіпнозам маскоўскага зладзейскага гламуру паверылі ў светлую дэмакратычную будучыню, — вызваліцеляў беларускага чалавецтва? Збіваць журналістаў — дробна і няварта тых, хто клапоціцца пра тэатры, музеі і сялянаў. Помста ўвогуле няўдзячная справа. Я ўжо расшыфроўваў неяк, што слова “месть” азначае “меня ест”. Калі ў нашых брацішак так будзе працягвацца і далей, дык вельмі хутка заходнія шэльма-дэмакраты атрымаюць на рукі ўсе казыры. І дастаткова знойдзецца тых, хто паверыць, што са зменай улады ўсе пагалоўна будць алігархамі з яйкамі Фабержэ”.
Такім чынам, Міхаіл Задорнаў ускосна выказаўся і супраць жорсткіх прысудаў, якімі мінскія суды караюць удзельнікаў мітынгу 19 снежня. Нагадаем, Васіль Парфянкоў і Аляксандр Атрошчанкаў атрымалі па 4 гады Зміцер Новік — 3,5 гады, Аляксандр Маўчанаў — 3 гады калоніі строгага рэжыма. 10 сакавіка адновяцца судовыя паседжанні па справе грамадзян Расіі Гапонава і Брэўса, якіх таксама вінавацяць ва ўдзеле ў так званых масавых беспарадках 19 снежня.