Загад Лукашэнкі пачаць серыйную вытворчасць электрамабіляў не выкананы

Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно западозрыў, што яго падманваюць

Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно западозрыў, што яго падманваюць / БЕЛТА

Загад Аляксандра Лукашэнкі пачаць з 1 студзеня 2025-га серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў не выкананы. Пакуль гаворка ідзе пра выпуск "доследна-прамысловай партыі" з пяці электрамабіляў, паведаміў у часопісе "Эканоміка Беларусі" намеснік гендырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Бялевіч. Электрамабілі ствараюцца на базе аўтамабіля мадэлі Belgee X50.

Вопытныя ўзоры планавалася вырабіць яшчэ ў канцы 2024 года (і трэба было правесці неабходныя выпрабаванні), але нешта пайшло не так. У выніку, у акрэсленыя Лукашэнкам тэрміны ўкласціся не атрымалася. Бялевіч кажа, што "працэс стварэння айчыннага электрамабіля знаходзіцца ў завяршальнай стадыі". Таму пра серыйную вытворчасць гаворкі яшчэ няма, згадваецца без дакладнай даты 2025 год. "Стаіць задача палічыць, колькі ён будзе каштаваць ва ўмовах серыйнай вытворчасці", — гаворыць намеснік гендырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання.

"Уся канструкцыя беларуская, мікраэлектроніка пакупная, ячэйкі для батарэі — кітайскія, метал — расійскі, — працягвае Аляксандр Бялевіч. — Батарэя, рухавік, інвертар, камутацыйны модуль, электроніка — айчынныя. У прынцыпе, можна сказаць, што электрамабіль беларускі па ўзроўні даданай вартасці".

Аляксандр Лукашэнка загадаў з пачатку 2025-га пачаць серыйную вытворчасць электрамабіляў год таму — у студзені 2024-га. "Вось вам год. Купляйце станок, які вам патрэбен, стаўце і пачынайце рабіць. Да 1 студзеня павінны выдаць вынік", — паставіў ён тады задачу ўраду, які прасіў больш часу — паўтара года.

Урад і Акадэмія навук ўжо шмат гадоў абяцаюць Лукашэнку айчынны электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Восенню 2023 года ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць. А летась з'явілася працоўная група для вывучэння дзейнасці НАН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі