Пасля нарады ў Лукашэнкі, прысвечанай навуцы, Галоўчанка згадаў адно слова

Выступае галоўны кантралёр Васіль Герасімаў, справа ад яго — прэм'ер Раман Галоўчанка, крайні злева — кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў

Выступае галоўны кантралёр Васіль Герасімаў, справа ад яго — прэм'ер Раман Галоўчанка, крайні злева — кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў / president.gov.by

30 ліпеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада, прысвечаная аналізу дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усё пачалося з таго, што восенню 2023-га ён западозрыў: у Акадэміі навук яго падманваюць. Напрыклад, з распрацоўкай "уласнага" электрамабіля ці з "уласнымі" беспілотнікамі. Лукашэнка загадаў праверыць Акадэмію навук у чэрвені 2024-га. Была створана працоўная група на чале з галоўным кантралёрам Васілём Герасімавым (старшынём КДК). Стаяла задача найперш вывучыць пытанні "практыка-арыентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў", іх укаранення ў эканоміцы. Першы даклад Лукашэнка чакаў да 1 лістапада 2024-га. Цяпер жа Герасімаў агучыў папярэднія вынікі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён чакае "рэальнага прарыву ў навуцы", а "апошнім часам" бачыць, што Акадэмія навук дапускае "сур'ёзныя пралікі".

Пасля нарады прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка супакойваў, што навуковая галіна Беларусі не мае патрэбы ў глабальных рэформах. На яго погляд, ёй патрэбна "даналаджванне". І даволі мудрагеліста патлумачыў, што мае на ўвазе: "Мы павінны берагчы і захоўваць тое, што створана. Але ёсць такое слова (можа быць, некалькі зайгранае, але правільнае) — "даналаджванне". Наладжванне зробленае, але трэба рэгуляваць, таму што час ідзе, мяняюцца прыярытэты, нейкія задачы становяцца больш актуальнымі, таму што сусветныя працэсы бурныя. Каб не апынуцца на абочыне, трэба ў тым ліку і своечасова мяняць прыярытэты".

Васіль Герасімаў заявіў, што "глабальных праблем" у НАН не выявілі і нічога "руйнаваць" кантралёры не збіраюцца. Паводле яго слоў, стаіць задача дапамагчы Акадэміі навук, бо беларуская навука павінна быць больш "практыкаарыентаванай" — напрацоўкі павінны больш актыўна ўкараняцца ў вытворчасць. Але прэм'ер адзначыў, што рабіць гэта вельмі няпроста.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі