Загад Лукашэнкі выканаць не могуць: беларускі электрамабіль занадта дарагі

Аляксандр Лукашэнка стаміўся чакаць

Аляксандр Лукашэнка стаміўся чакаць / БЕЛТА

Загад Аляксандра Лукашэнкі пачаць серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў выканаць не могуць: яго кошт занадта вялікі. У гэтым у эфіры дзяржаўнага тэлебачання прызнаўся намеснік гендырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Бялевіч. "І пакуль не вырашыцца гэтае пытанне, вельмі складана казаць пра тое, што мы сапраўды гатовыя запусціць машыну ў серыйную вытворчасць", — сказаў ён. Бо электрамабіль трэба прадаваць, "а не проста рабіць дзеля таго, каб рабіць".

Аляксандр Лукашэнка ў студзені 2024-га загадаў пачаць серыйную вытворчасць айчыннага электрамабіля з 1 студзеня 2025 года. Але нешта пайшло не так. Спачатку ў студзені той жа Бялевіч паведаміў пра выпуск "доследна-прамысловай партыі" з пяці электрамабіляў (лакалізацыя складае каля 70%). Праз некалькі дзён расказаў, што яны праходзяць тэхнічныя выпрабаванні і "атрымліваюць камерцыйную ацэнку". І вось нарэшце ў лютым аб'явіў, што з серыйнай вытворчасцю пакуль нічога не атрымліваецца. Яе збіраюцца пачаць не раней за 2026 год.

Каб айчынны электрамабіль быў канкурэнтаздольны, ён павінен каштаваць 25-30 тысяч долараў, гаварыў Аляксандр Бялевіч. У яго "няма ўпэўненасці, што атрымаецца зрабіць такую цану". 

Урад і Акадэмія навук ўжо шмат гадоў абяцаюць Лукашэнку беларускі электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Восенню 2023 года ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць. А летась з'явілася працоўная група для вывучэння дзейнасці НАН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.