Лукашэнка загадаў з пачатку 2025-га пачаць серыйную вытворчасць электрамабіляў
Пётр Пархомчык (злева ад Аляксандра Лукашэнкі) спадзяваўся, што ў яго будзе больш часу
Аляксандр Лукашэнка загадаў з 1 студзеня 2025 года пачаць серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў на базе аўтамабіля мадэлі Belgee X50. Сёлета збіраюцца вырабіць некалькі вопытных узораў электрамабіляў і правесці неабходныя выпрабаванні.
"Вось вам год. Купляйце станок, які вам патрэбен, стаўце і пачынайце рабіць. Да 1 студзеня павінны выдаць вынік", — паставіў ён задачу ўраду ў пятніцу падчас наведвання завода "БелДЖы" ў Барысаўскім раёне.
Як піша sb.by, узор Belgee X50 перадалі ў Нацыянальную Акадэмію навук "для стварэння на яго базе айчыннага электрамабіля". Для эксперыментальнага ўзору прадпрыемствы Мінпрама ўжо вырабілі "камплект цягавага электрапрывада, які складаецца з электрарухавіка, інвертара кіравання і рэдуктарнага вузла". Сцвярджаецца, што ўжо выраблены "поўнапамерны макет цягавай акумулятарнай батарэі для правядзення работ па дапрацоўцы кузава базавай платформы пад яе ўстаноўку". У бліжэйшы час збіраюцца распрацаваць канструктарскую дакументацыю "на лакалізуемыя вузлы і дэталі і іх устаноўку на легкавы электрамабіль".
Віце-прэм'ер Пётр Пархомчык кажа, што яшчэ не вызначана прадпрыемства, якое зоймецца серыйным выпускам электрамабіляў. Паводле яго слоў, для таго, каб "мінімізаваць выдаткі", "усе кузаўныя працы будуць выконвацца на "БелДжы". Стаіць задача "стварыць неабходныя тэхналагічныя магутнасці для вытворчасці тых кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца ў электрамабілі". І ў Мінпраме яшчэ няма "пэўных кампетэнцый". Напрыклад, там думаюць, дзе і як вырабляць высокадакладныя шасцярні для высакахуткасных рэдуктараў, якія ў нашай краіне не выпускаюцца.
Пархомчык з сумам сказаў, што Лукашэнка зрабіў задачу "больш жорсткай". Відаць, была надзея, што ён дасць больш часу. Урад прасіў паўтара года.
Урад і Акадэмія навук ўжо шмат гадоў абяцаюць Аляксандру Лукашэнку айчынны электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Мінулай восенню ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.