Захараў: Хэнлану трэба было плаціць, як у Швейцарыі. І ён бы застаўся

Праз некалькі дзён можа стаць вядома, каго прызначаць на месца Глена Хэнлана ў зборнай Беларусі па хакеі. 4 чэрвеня адбудзецца пасяджэнне трэнерскай рады Федэрацыі хакея Беларусі, дзе будуць прапанаваныя кандыдатуры, з якіх выберуць коўча.

І, мяркуючы па такім падыходзе, гэта будзе мясцовы спецыяліст. Бо наўрад ці да выбараў у трэнерскую раду ў Мінск даставяць замежніка ўзроўню Хэнлана.

Рулявога мінскага “Юнацтва” Міхаіла Захарава лічаць адным з верагодных кандыдатаў на месца трэнера зборнай. Спецыяліст выказаў Еўрарадыё сваё бачанне, ці варта чакаць ад нашай каманды росту ў наступным годзе.

“Трапіць у васьмёрку будзе ў два разы больш складана. Хоць патэнцыял ёсць заўсёды. Поспех залежыць ад настрою, фізічнай формы гульцоў, траўм, падрыхтоўкі, ― выказваецца Міхаіл Захараў наконт перспектыў нацыянальнай зборнай. ― Усе ведаюць, што гэта быў самы слабы чэмпіянат свету. Ну, так жа? У зборную Швецыі 20 чалавек адмовіліся прыязджаць. Усё гэта важна ўлічваць. А вось у зборную Расіі з зорак прыехалі Авечкін і Малкін. Але я палічыў, што мінімум 10 знакамітасцяў у іх складзе таксама не было. Пачынаючы з Кавальчука, Дацука і гэтак далей. Але ж Алег Знарок ― проста малайчына”.

Еўрарадыё: Затое сераднякі змаглі сябе праявіць. Напрыклад, французы…

Міхаіл Захараў: Лічаныя каманды прывезлі аптымальны склад. Але, нягледзячы на гэта, Беларусь паказала, як трэба такія святы праводзіць. Гэта прызналі ўсе. Мы паказалі, што Беларусь можа. І не на чацвёрку, а на пяцёрку з плюсам. Таму я ганаруся сваёй краінай. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка планку падняў так высока, што паглядзім, як да яе дацягнуцца іншыя.

Еўрарадыё: У складзе нашай зборнай было ўсяго трое хакеістаў з беларускага чэмпіянату. Многія наракаюць, што праца нашых дзіцяча-юнацкіх школ наладжаная неэфектыўна. Як выйсці з гэтай сітуацыі?

Міхаіл Захараў: Ім трэба трэніравацца як Грабоўскі, Касціцыны, як Дзянісаў у мяне тут трэніраваўся. Як Караў, Угараў… Іншага вырашэння праблемы няма. Калі ім было па 16-17 гадоў, то трэніраваліся па два разы на дзень. І вочы гарэлі. Тут усё залежыць ад хакеістаў і ад трэнераў.

Еўрарадыё: Вы змянілі б нешта ў гульні сённяшняй зборнай Беларусі, калі б былі трэнерам?

Міхаіл Захараў: Хэнлан ― малайчына. Ён выціснуў з каманды ўсё, што магчыма. Гэта быў максімум. З 15-га месца за адзін год падняў каманду на сёмае. І не важна, што на чэмпіянат не прыехалі ўсе наймацнейшыя хакеісты. Такога, як Хэнлан, трэба было ўсімі праўдамі і няпраўдамі пакідаць у Беларусі. Шукаць з ім кантакт, шукаць варыянты з фінансаваннем. Даваць такія ж грошы, як у Швейцарыі ― і ён бы застаўся. І ўсё было б нармальна.

Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя пра тое, што на месца Хэнлана збіраюцца прызначыць вас. Сапраўды такі варыянт абмяркоўваецца?

Міхаіл Захараў: Пакуль размаўляць няма пра што. Мне гэта не вядома. 

Фота vhlru.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі