Затрыманы былы гендырэктар буйнога мінскага забудоўшчыка
Затрыманы былы гендырэктар буйнога мінскага забудоўшчыка — сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Тамбаз”. Як інфармуе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, фінансавая міліцыя па выніках праверкі распачала крымінальную справу. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што экс-гендырэктар парушыў парадак выкарыстання грошай, прыцягнутых праз выпуск і рэалізацыю жыллёвых аблігацый, прызначаных для фінансавання будаўніцтва двух жылых дамоў (у раёне вуліц Максіма Багдановіча, Амурскай, Тургенева, Тыражнай, Корш-Сабліна, завулка Верхняга). Сродкі пайшлі на будаўніцтва іншага жылога дома ды на аплату будаўнічых матэрыялаў, будаўніча-мантажных прац на іншых аб’ектах “Тамбаза”.
Было падлічана, што “Тамбаз” не выканаў абавязацельствы па будаўніцтве прафінансаваных аб’ектаў, а пакупнікам жыллёвых аблігацый былі нанесены страты на суму 21,5 млн рублёў. Камітэт дзяржкантролю таксама адзначае наяўнасць “істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у сацыяльнай сферы”.
Новае кіраўніцтва “Тамбаза” цяпер шукае сродкі на тое, каб дабудаваць жылыя дамы. У трымальнікаў жыллёвых аблігацый, якія цалкам выканалі свае абавязацельствы, дадатковага фінансавання патрабаваць не будуць.