Заўзятары БАТЭ просяць Капскага купіць нападаючага і склалі петыцыю
Заўзятары ФК БАТЭ просяць кіраўніка клуба Анатоля Капскага купіць нападаючага і нават склалі петыцыю, якая з'явілася на сайце change.org. Яны лічаць, што ў апошнія гады гэта адна з найважнейшых праблемаў клуба — няма каму забіваць галы.
"Некалькі апошніх гадоў усе людзі, неабыякавыя да футбольнага клуба БАТЭ (Барысаў), у адзін голас спрабуюць быць пачутымі кіраўніцтвам клуба, просяць, моляць, прыводзяць аргументы на карысць таго, што камандзе ВЕЛЬМІ НЕАБХОДНЫ нападаючы, здольны актыўна і вынікова дапамагчы камандзе ў дасягненні пастаўленых мэтаў і задач, — пішуць аўтары петыцыі. — Не жадаем прымяншаць заслугі і кваліфікацыю наяўных форвардаў, але цалкам відавочна, што для якаснага вырашэння тых задач, якія перад сабой ставіць клуб, узмацненне ў атакуючай лініі не напрошваецца, а крычыць. Просім кіраўніцтва клуба звярнуць увагу на дадзеную вострую праблему".
Напярэдадні БАТЭ ў хатнім матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў не змог забіць фінскаму ХІКу, была зафіксаваная нічыя 0:0.