Зборная Расіі па хакеі паедзе на Алімпіяду, беларусам не трэба будзе іх замяняць
Зборная Расіі па хакеі паедзе на Алімпіяду ў Паўднёвай Карэі ў лютым 2018 года. Пра гэта сайту iz.ru паведаміў старшыня праўлення Федэрацыі хакея Расіі Аркадзь Ротэнберг. Паводле яго слоў, “гэта рашэнне спартсменаў, якое падтрымана федэрацыяй”.
Як вядома, Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў зборную Расіі ад удзелу ў Алімпіядзе ў Пхёнчхане з-за скандалу з допінгам. Аднак на Алімпійскія Гульні могуць паехаць “чыстыя” расійскія спартсмены, да якіх у МАК няма прэтэнзій. Аднак яны мусяць выступаць не пад расійскім, а пад нейтральным сцягам. Алімпійскі сход Алімпійскага камітэта Расіі з гэтым пагадзіўся.
Раней не выключалася, што ў выпадку, калі хакейная зборная Расіі не паедзе на Алімпіяду, яе заменіць зборная Беларусі, якая мае найбольшы рэйтынг сярод зборных, якія не трапілі ў Паўднёвую Карэю.