“Згушчонка” адмовіла фэсту “ROCKachev” з-за голай дупы

“Невядомы добразычлівец” паскардзіўся рэкламадаўцам фэсту, што “ROCKachev” рэкламуюць, паказваючы буйным планам голую дупу. Маўляў, на канцэрт сабралася пайсці яго непаўналетняя дачка. А раптам яна пабачыла б такое?

“Калі ўжо гаварыць пра гэты ролік, трэба было проста адмяніць наш выступ на фэсце. Мы б зразумелі гэта! — абураецца бас-гітарыст і вакаліст гурта SEX Валерый Навічкоў.Навошта забараняць фестываль? Пры чым тут астатнія 40 гуртоў? Выглядае, нібыта проста нехта шукаў прычыну, каб забараніць фестываль. Хоць афіцыйна ніхто нічога не забараняў — проста ўсе спонсары адмовілі ў падтрымцы”.

Каб давесці, што відэа не ўтрымлівае “забароненага” кантэнту, музыкі самі аддалі яго на экспертызу. Доказам прыстойнасці кліпа ёсць хаця б тое, што ён прайшоў мадэрацыю на Youtube. Мадэратары якога, дарэчы, у сярэдзіне ліпеня выдалілі відэа з аголенай натурай “На ниточке” ад іншага беларускага гурта — ZM99.

Арганізатары “ROCKachev” не называюць трох партнёраў, якія адмовіліся падтрымліваць фэст. На афішы фестывалю змешчаныя лога буйных беларускіх кампаній: “Спартак”, “Жлобінскі мясакамбінат”, “Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат”.

“Што да “згушчонкі” — я не магу вам пацвердзіць ці абвергнуць, ці былі яны нашым партнёрам. Але скажу, што яны падтрымлівалі папярэдні, дзясяты фэст “ROCKachev”, былі цалкам задаволеныя вынікам і зацікаўленыя ў далейшым супрацоўніцтве”, — распавядае Еўрарадыё арганізатар фэсту Андрэй Іваненка.

Арганізатары падлічылі, што цяпер на правядзенне фэсту не хапае каля 10 тысяч долараў. Іх уласныя ўкладанні і грошы ад продажу квіткоў пакрываюць толькі 30% выдаткаў. Таму сёлетні “ROCKachev”, у якім мусілі ўдзельнічаць 44 гурты, адмяняецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі