Жодзінцу пагражаюць смерцю за бел-чырвона-белы гаўбец
Жыхар Жодзіна Юрый Шыдлоўскі вырашыў пафарбаваць свой гаўбец у нацыянальныя колеры — зрабіць яго бел-чырвона-белым. Аднак у выніку мужчына атрымаў абразы і пагрозы.
"Для мяне нацыянальны сцяг — гэта наша гісторыя, сімвал свабоднай Беларусі. Я хачу, каб мы жылі менавіта ў такой у краіне — сумленнай і свабоднай", — прыводзіць словы Шыдлоўскага сайт ex-press.by.
Мужчына па адукацыі выкладчык іспанскай і англійскай мовы, працуе ў сур'ёзнай кампаніі, мае чатырох дзяцей.
Праз некалькі тыдняў на яго гаўбцы, размешчаным на першым паверсе, з'явіўся абразлівы надпіс, які называў гаспадара бандытам, а сцяг — фашысцкім. Шыдлоўскі кажа, што ягоны дзед ды вайны ваенным камісарам Чэрвеньскага раёна, потым адмовіўся ад броні і пайшоў ваяваць супраць фашызму. "Памёр ён ад ран за два дні да перамогі. Аднаго са сваіх сыноў я назваў імем дзеда. У маёй сям'і шануюць яго памяць і ўсіх родных, якія ваявалі з фашызмам, якія пацярпелі ад яго. Цяпер, калі ў нашай краіне адбываецца нешта жудаснае, калі з людзей здзекуюцца, а наш нацыянальны сцяг адносяць да фашысцкага, — вельмі балюча", — падкрэслівае жодзінец.
Праз некалькі дзён па яго просьбе мастакі з Мінска намалявалі на гаўбцы новы малюнак, у аснове якога — герб Жодзіна. Пасля гэтага да мужчыны з'явіліся міліцыянты і супрацоўнікі выканкама. Яны патрабавалі, каб ён прыбраў з гаўбца малюнак. "А потым прыехалі работнікі ЖКГ. Яны зафарбоўвалі балкон тры дні, некалькімі пластамі", — расавядае Шыдлоўскі.
А ў нядзелю, 6 снежня, на гаўбцы з'явіўся надпіс, у якім гаспадару пагражаюць смерцю, называюць яго недабітым фашыстам і бандытам.
Шыдлоўскі кажа, што яму няма куды звярнуцца па дапамогу пасля такіх пагрозаў. Расследаваць гэтае злачынства, на яго думку, ніхто не будзе.
Дарэчы, у беларускіх судах зараз разглядаюцца некалькі спраў па абразах і пагрозах на адрас сілавікоў. Але такія ж абразы і пагрозы на адрас абаронцаў нацыянальнай сімволікі наўрад ці маюць судовую перспектыву. Нагадаем, што дагэтуль не пачатая ніводная крымінальная справа па факце збіцця пратэстоўцаў з пачатку жніўня.
Таксама, як няма крымінальнай справы па гібелі Рамана Бандарэнкі, але ёсць крымінальная справа на доктара і журналістку, якія паведамілі, што забіты не быў п'яным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.