Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын адмовіўся падпісваць пакаяльны ліст
Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын адмовіўся пісаць пакаяльны ліст. Пра гэта распавяла яго жонка Вольга Івашына.
"Насамрэч з боку канкрэтна адміністрацыі турмы былі толькі хутчэй просьбы. Канешне, ён адмаўляецца падпісваць нешта такое. Больш таго, яму няма ў чым прызнавацца. Я ведаю, што да яго таксама дайшоў ліст Васкрасенскага, які прапанаваў напісаць гэты прызнальны ліст, але, канешне, Дзяніс на яго не адказаў", — прыводзіць яе словы Радыё "Рацыя".
Івашын быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года. Ён вядомы сваімі журналісцкімі расследаваннямі ў газеце "Новы час". Апошняе з іх прысвячалася былым украінскім "беркутаўцам", якія перашлі на працу ў сілавыя структуры Беларусі. Журналіста абвінавацілі паводле артыкула 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў)
Па словах жонкі, Івашына дапытвалі некалькі разоў неўзабаве пасля затрымання, але апошнім часам ніякіх следчых дзеянняў не адбываецца. "Але ўжо будзе паўгода, і мусяць ці перадаваць справу ў суд, бо дасудовае следства можа доўжыцца паводле гэтага артыкула не больш за паўгода, або мусяць выпускаць. Мы чакаем, што яны вырашаць", — кажа Вольга.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.