Журналістка АНТ — Мінадукацыі: У мяне паніка! Я не веру!

Журналістка АНТ — Мінадукацыі: У мяне паніка! Я не веру!

Экзамены ў гімназіі пасля 4-га класа адмянілі ўказам Аляксандра Лукашэнкі. А аддувацца давялося намесніцы міністра адукацыі Раісе Сідарэнка. Гадзіну чыноўніца ўгаворвала журналістаў, што гэта вельмі добра для школы. Угаварыла ці не?

“У любой установе адукацыі магчымае вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні. Ніякіх адрозненняў у праграмах школы і гімназіі няма”, — выкладае плюсы ад адмены экзаменаў у гімназіях чыноўніца. Такіх аргументаў было шмат: “у нас няма класічных гімназій”, “у школах  таксама вучаць на павышаным узроўні”. Пра тое, што праграмы ў школах і гімназіях аднолькавыя, чыноўніца паўтарыла 3 разы за прэс-канферэнцыю! На самай справе праграмы падобныя, але вучаць па-рознаму: у гімназіях больш гадзінаў, класы разбітыя па профілях.

Па новых правілах у гімназію вучань ідзе з першага класа па месцы жыхарства. А што, калі школа і гімназія знаходзяцца за некалькі метраў адна ад адной, а дом, дзе жыве вучань, — паміж імі?

Раіса Сідарэнка: Мясцовыя органы ўлады разбяруцца, які мікрараён адносіцца да школы, які — да гімназіі.

Не ўяўляю, як і чым чыноўнікі адмераць адлегласць ад школы да гімназіі. А калі на адно месца тры чалавекі будуць прэтэндаваць?

Раіса Сідарэнка: Мы будзем пераглядаць усё з улікам колькасці дзяцей у раёне. Гэта будзе вырашацца сумесна з аддзелам адукацыі.

Калі мясцовыя органы ўлады будуць вырашаць, ідзе чалавек у гімназію ці ў школу, ці не будзе карупцыі?

Раіса Сідарэнка: Ужо на паступленні ў першы клас раней такія праявы маглі быць. Але наша агульная справа, каб такіх праяў не было.

Журналістка дзяржаўнага тэлеканала АНТ задае пытанне, а атрымліваецца “крык душы”. Бо яна не проста журналіст, а яшчэ і мама дачкі, якая пойдзе ў школу.

Тэлеканал АНТ: Я сама мама дачкі, якая пойдзе ўвосень у школу. Я ў паніцы! Мы прапісаныя ў адным раёне, жывём у іншым. Не ведаю, не веру, што ўсё будзе добра! Я ўжо сутыкаюся з такім. Ну, скажуць, няма месцаў, а што далей! Вы ж разумееце, як гэта адбываецца. Вы праўда лічыце, што гэта будзе працаваць?

Можна ўжо і не адказваць на такое пытанне, але самі глядзіце, ці супакоіла маму чыноўніца:

Раіса Сідарэнка: Я ўпэўненая, што ўказ накіраваны на развіццё. Калі ўсё, аб чым я гаварыла, спрацуе. Чаму ў 7% установаў адукацыі дзеці могуць атрымліваць нейкую элітную адукацыю, а астатнія — не? Што тычыцца вашага страху, гэта нармальны стан мамы.

На 45 хвіліне размовы з журналістамі пачаліся цікавыя гульні лічбамі. Намеснік міністра звяртае ўвагу, што 25% пераможцаў алімпіяд — школьнікі. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень школьнай адукацыі. Але па статыстыцы Мінадукацыі, выпускнікі гімназіяў здаюць ЦТ на 10-15 балаў лепш, чым выпускнікі школ. Журналіст Еўрарадыё звяртае ўвагу на гэта.

Раіса Сідарэнка: Так, розніца ёсць. Давайце не буду называць прыклады. Вось, напрыклад, сярэдні бал па ЦТ: школа з базавым узроўнем — 38 балаў, з павышаным — 53, гімназія — 38 балаў. Я прашу звярнуць увагу на школу. І гэта адзін прыклад. Казаць, што ў нас у школах рыхтуюць дрэнна, гэта некарэктна, няправільна.

Еўрарадыё: Але 75% адсоткаў прызёраў алімпіяд — гімназісты. Усё ж такі ёсць розніца паміж гімназіяй і школай.

Раіса Сідарэнка: У нас нават сярод пераможцаў міжнародных алімпіяд ёсць вучні звычайных школ, а не гімназій. Таму мы проста даём болей магчымасцяў школам.

На самай справе сярод 40 найлепшых устаноў адукацыі Мінска — толькі адна школа. У Мінску на алімпіядах раздалі 612 дыпломаў. З іх 471 дыплом — у гімназістаў. А гэта 77%.

Апошняе пытанне. У дзейным Кодэксе аб адукацыі застаюцца экзамены ў гімназіі. А што, калі дэпутаты не будуць нічога мяняць?

Раіса Сідарэнка: Ёсць указ прэзідэнта.

Еўрарадыё: І ён важнейшы за кодэкс?

На гэта чыноўніца проста разводзіць рукамі…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі