Жыхар Светлагорска спрабаваў пакончыць з сабой і заразіць выратавальнікаў ВІЧ
Болей за шэсць гадзінаў міліцыя, МНС і хуткая не маглі ўціхамірыць неадэкватнага жыхара Светлагорска, які граміў уласную кватэру і не падпускаў да сябе нікога. Надзвычайнае здарэнне адбылося сёння ў райцэнтры. Прыкладна а дзявятай раніцы ў міліцыю паступіў сігнал пра буяна, які выкідвае з вокнаў сваёй кватэры рэчы на прыпаркаваны ля дома аўтамабіль.
Мужчына разбіў свае вокны і сапраўды кідаўся рэчамі. Відавочца, які назіраў за буянам, палічыў, што ён былы наркаман і збіраецца скончыць жыццё самагубствам. Тым часам неадэкватны грамадзянін забарыкадаваўся ў кватэры і адкрыў там газ. Выкліканыя на месца спецыялісты газавай службы перакрылі вентыль.
Выратавальнікі і міліцыя спрабавалі трапіць у кватэру, але яе насельнік стаў кідацца на людзей са скрываўленым нажом і пагражаў заразіць іх ВІЧ. У кватэры былі ёмістасці з нейкай вадкасцю, якія мужчына час ад часу падпальваў. Каб перадухіліць узгаранне, пажарныя працягнулі брандспойнты на пляцоўку ля кватэры. У 13.50 кватэры ўсё ж загарэлася. Выратавальнікі патушылі пажар і эвакуявалі жыхароў суседніх кватэр.
З Гомеля давялося выклікаць групу спецназа для захопу. Па дадзеных па 16.21, буяна ўсё ж затрымалі і звезлі. Як выявілася, гэта 36-гадовы мужчына, які стаіць на ўліку ў псіхіятра. Яму 36 гадоў, клічуць Дзмітрыем. У кватэры ён жыве адзін. Яго маці жыве ў тым жа доме, але асобна. Жанчыну выклікалі дзеля перамоваў з неспакойным сынам, паведамляе светлагорскі тэлеканал “Ранак”.
Фота: "Ранак"