Зламаны чэрап польскага жаўнера — такі вынік размовы Меркель і Лукашэнкі?
На наступны дзень пасля тэлефоннай размовы выканаўцы абавязкаў канцлера Германіі Ангелы Меркель і Аляксандра Лукашэнкі на памежным пераходзе “Брузгі” мігранты атакавалі польскіх жаўнераў. Дзяржпрапаганда ахрысціла “бліскучай дыпламатычнай перамогай Лукашэнкі” факт размовы чыноўнікаў дзвюх краін.
Як да “перамоваў” паміж Меркель і Лукашэнкам ставяцца ў Германіі?
— Першая рэакцыя з’явілася яшчэ ўчора, у тым ліку і ў нямецкіх сацыяльных сетках. Нехта казаў, што Меркель зрабіла слушна, бо лепш размаўляць, чым не размаўляць. Іншыя яе крытыкавалі за тое, што яна размаўляе з Лукашэнкам, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё беларускі гісторык з Германіі Аляксандр Фрыдман. — Што тычыцца прэсы, то рэакцыя галоўным чынам нейтральная. Маўляў, Меркель зрабіла вось такі крок, яна спрабуе нешта вырашыць. З Лукашэнкам усё зразумела: ні аб якім павышэнні яго легітымнасці гаворка не ідзе. Меркель паразмаўляла з тым чалавекам, які можа паўплываць на гэтую сітуацыю. З тым чалавекам, у руках якога знаходзяцца гэтыя людзі на мяжы і які можа зрабіць з імі што заўгодна.
— Куды больш абмяркоўвалася пытанне санкцый і становішча на мяжы, а не размова, якую правяла Меркель, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Тым больш што амаль аніякіх акалічнасцяў з нямецкага боку пакуль няма. Там былі абсалютна фармальныя заявы пра тое, што была абмеркаваная сітуацыя на мяжы, і тое, што нямецкі ўрад будзе захоўваць перамоўчыя кантакты з беларускімі ўладамі. Але гаворка ідзе ўвогуле не пра нейкія сур’ёзныя перамовы будучыні, гаворка ідзе толькі пра лёс людзей, якія знаходзяцца на мяжы, і гуманітарную катастрофу.
Нечакана хутка і жорстка адрэагаваў Олаф Шольц [лідар СДПГ. — Еўрарадыё], які, хутчэй за ўсё, стане кіраўніком нямецкага ўрада. Шольц назваў Лукашэнку вельмі дрэнным дыктатарам, падкрэсліў, што трэба ўводзіць жорсткія санкцыі. Нечакана падтрымаў Польшчу. Маўляў, гэта той момант, калі Польшча, як чалец Еўрасаюза, павінна атрымаць як мага больш шырокую падтрымку з еўрапейскага боку. Што тычыцца лёсу мігрантаў, то ён выказаўся так, што трэба палепшыць іх становішча, але трэба зрабіць усё, каб яны вярнуліся дамоў.
Чым кіравалася экс-канцлер, калі размаўляла з Лукашэнкам?
— Меркель — чалавек абсалютна прагматычны, — упэўнены Аляксандр Фрыдман. — Яна дакладна разумее, што за чалавек Лукашэнка. Але яна ведае, што ёсць праблема, становішча вельмі сур’ёзнае. Яна не можа сабе дазволіць проста назіраць за тым, што там адбываецца. У такой сітуацыі яна, напэўна, задала сабе пытанне: калі ў мяне ёсць шанец знайсці нейкае выйсце з гэтай сітуацыі, то, можа, мае сэнс паспрабаваць?
Па інфармацыі польскіх уладаў, падчас атакі мігрантаў адзін з польскіх паліцэйскіх атрымаў сур’ёзную траўму галавы, у яго зламаныя косткі чэрапа. Гэта і ёсць вынік “дыпламатычнай перамогі Лукашэнкі”?
— Тое, што сёння адбываецца, паказвае, што ці ўвогуле не дамовіліся, ці Лукашэнка ўсё ж такі ў апошні момант імкнецца прагнуць сваю лінію, атрымаць прапагандысцкую перамогу, бо ў астатніх кірунках ён прайграў, — тлумачыць гісторык. — Ён імкнецца стварыць сваю паралельную рэальнасць, у якой ён перамог, таму на гэта кінутыя прапагандысцкія рэсурсы.
Тое, што адбывалася на мінулым тыдні і сёння, — гэта не той момант, калі ў яго атрымаецца, як яму падабаецца казаць, “перагарнуць старонку”. Тут былі здзейсненыя злачынствы ў дачыненні да замежных грамадзянаў, гэта вельмі сур’ёзны момант.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.