Злотнікаў: “Арабскія гатэльныя інвестыцыі могуць выклікаць інфляцыю”

Еўрарадыё паразмаўляла з эканамістамі, чаму мы так лёгка саступаем такія “смачныя” кавалкі сталіцы арабам, якія інвестуюць у сферу паслуг, у будаўніцтва, а не ў вытворчасць. Пры гэтым не пускаем сюды еўрапейцаў ды палохаемся расіян?
Былы праспект Машэрава хутка стане арабскім. На галоўнай магістралі Мінску плануецца пабудаваць каля 25 аб’ектаў коштам у 1,5 мільярда долараў. Займацца збудаваннем будзе ліванская кампанія.

Гэта ўжо чарговы будаўнічы бум, калі арабскія кампаніі скупляюць найлепшыя пляцоўкі Мінску.

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што супадаюць інтарэсы абодвух бакоў. Арабскі капітал традыцыйна укладвае грошы ў сферу паслуг.

Злотнікаў: “Калі ўзяць гэтыя праекты – будаўніцтва каля Нацыянальнай бібліятэкі буйнога цэнтру ці будаўніцтва гатэляў — то так, арабы па ўсім свеце ўкладваюць грошы ў гатэльны бізнэс, гандлёвы бізнэс. Яны лічаць гэта добрым укладаннем грошай”.

А калі б арабы і пажадалі інвеставаць у вытворчасць, беларускі бок быў бы супраць. Бо гэта “падрывае сферу кіравання эканомікай з боку дзяржавы”:

Злотнікаў: "Тармозіцца прыцягненне капіталу, якое можа істотна панізіць кіраванне гаспадаркай з боку дзяржавы. Гэта значыць, падарваць асновы каманднай эканомікі".

Такім чынам, інвеставанне ў вытворчую сферу стрымліваецца не таму, што гэта расійскі капітал ці еўрапейскі, а таму што гэта інвестыцыі ў вытворчасць:

Злотнікаў: “Напрыклад, калі б расіяне цяпер купілі "Нафтан" і пачалі вырабляць нафтапрадукты. Дык цяпер у Беларусі нафтапрадукты для калгасаў, для сельскагаспадарчых арганізацыяў прадаюцца па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя.

Хіба можна будзе прымусіць тых жа расіян, калі яны будуць уладальнікамі "Нафтану", унутры Беларусі прадаваць нафтапрадукты па цэнах ніжэй за тыя, па якіх яны прадаюць у Латвіі ці Нямеччыне?”

Але грашыма тут асабліва не пахне, больш за тое — гэта можа справакаваць інфляцыю:

Злотнікаў: “Прадукт, які ствараецца, ён не ўжываецца ўсім насельніцтвам, таму прыток інвестыцый у такую сферу будзе азначаць рост інфляцыі. Уяўляеце, будаўнікі працуюць і ствараюць прадукт, які дастаецца камусьці іншаму. А грошы ў іх ёсць, і яны пойдуць купляць прадукт, які стваралі іншыя, – мяса, абутак…

Атрымоўваецца, што яны не працавалі на павелічэнне гэтага прадукту – мяса, абутку, хлеба, а працавалі на тое, што вырабляюць арабы. Грошы свае яны атрымаюць. І гэтыя грошы атрымаюць усе вакол, хто працаваў на збудаванне гэтых аб’ектаў. Грошы будуць, а прадукту - няма. Гэта вядомая заканамернасць эканомікі, што вялікія інвестыцыі выклікаюць інфляцыю”.

Эканаміст разважае, што ўлады марна ганарацца, быццам у Беларусі развіваецца сфера паслуг і мы становімся падобнымі да развітых краін. Але трэба разумець, што нягледзячы на тое, што у краінах Захаду сфера абслугоўвання дае 70% і болей ВУП, гэтыя краіны ўкладаюць свае капіталы па ўсім свеце. І гэтыя капіталы даюць грошы:

Злотнікаў: “Там развіваюцца высокія тэхналогіі, а мы сядзім на 3-м ці нават 4-м тэхналагічным укладзе. І зразумела, што развіццё сферы паслуг без развіцця сферы вытворчасці багатым народ не зробіць”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ўся справа ў тым, што беларускія кампаніі і чыноўнікі не датрымоўваюцца этыкі бізнэсу. А арабскім кампаніям гэта “на руку”:

“Арабскі бізнэс вельмі добра разумее менталітэт таталітарнай улады, ён не вельмі сочыць за маральнасцю, этыкай бізнэсу. Таму тут беларускія ўлады і арабскі бізнэс знайшлі адзін аднаго.

Беларускія кампаніі і чыноўнікі, перш за ўсё, вельмі зацікаўленыя, каб іх партнёрамі былі не немцы, французы альбо шведы, якія сочаць за стандартамі этыкі, а тыя краіны, для якіх шэрыя схемы з’яўляюцца часткай вядзення бізнэсу. А так выдзяленне зямлі, размяшчэнне заказаў адбываецца без тэндэраў, без празрыстасці”.

Эканаміст Леанід Заіка параўноўвае супрацоўніцтва з “інвестарам ў чалме” з жаданнем выйсці замуж за шэйха, і зарабіць на гэтым:

"Прыйдзе інвестар у чалме з Саудаўскай Аравіі альбо Арабскіх Эміратаў… Што яму, так важна забяспечыць вас працай, даць вам дабрабыт? Калі вы ўсё яшчэ ў гэта верыце — выходзьце тады замуж за гэтага шэйха".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі