Змены ў праект аб партыях: 5 тысяч заснавальнікаў і магчымасць дзяржпадтрымкі

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект паправак у закон аб партыях і грамадскіх аб'яднаннях.

Згодна з ім для стварэння і дзейнасці партыі трэба будзе не менш за 5 тысяч заснавальнікаў. Пры гэтым ад кожнай з абласцей і Мінска павінна быць не менш за 100 чалавек. На сёння закон дае парог у 1000 заснавальнікаў, прычым не абавязкова яны мусяць быць ад кожнага рэгіёна — дастаткова большасці абласцей і сталіцы.

Таксама на сёння партыя можа мець першасныя арганізацыі не па ўсёй краіне. А новы праект прадугледжвае, што яны павінны быць у кожнай з абласцей і ў Мінску.

У законе з'явілася норма пра дзяржаўную падтрымку партый. Адзначаецца, што яна можа быць інфармацыйнай, метадычнай "і іншай".

Пашыраны спіс забаронаў для партый. На сёння закон забараняе ствараць партыі, чыя мэта — прапаганда вайны або экстрэмісцкай дзейнасці. Новы закон дае значна даўжэйшы спіс: "Стварэнне і дзейнасць палітычных партый, саюзаў у мэтах гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, прапаганды вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, ажыццяўлення тэрарыстычнай ды іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, якія забароненыя заканадаўствам альбо якія дапускаюць магчымасць ажыццяўлення названай дзейнасці і дзеянняў падчас дасягнення правамерных мэтаў стварэння, забараняюцца".

Закон патрабуе, каб партыі забяспечвалі "непахіснасць канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды".

Таксама новы закон не забараняе супрацоўнікам органам унутраных спраў і бяспекі ўступаць у партыі. Забарона на партыйнасць захоўваецца для суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю, ваенізаваных арганізацый і вайскоўцаў.

Пасля таго, як новы закон набудзе моц, партыі атрымаюць тры месяцы на перарэгістрацыю.

Можна меркаваць, што апазіцыйныя партыі ў Беларусі не змогуць легальна дзейнічаць пасля прыняцця гэтага закона. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі