Зомбі-грыбок з "Апошніх з нас" рэальны — і нават выкарыстоўваецца ў дабаўках
Грыбок-зомбі існуе не толькі ў гульні і серыяле HBO / калаж Еўрарадыё
"Апошнія з нас" (The Last Of Us) — новы серыял ад HBO, які, мяркуючы па ўсім, ужо прэтэндуе на званне галоўнага тэлепраекта года, які абмяркоўваюць больш за ўсіх. Яго знялі па матывах аднайменнай гульні, і ён ужо атрымаў захопленыя водгукі і крытыкаў, і гледачоў.
Але цікавае можна расказаць не толькі пра сам серыял ці гульню, але і пра дэталі з сюжэту. Напрыклад, ці ведаеце вы, што грыбок, нашэсце якога ператварыла ўсіх у выдуманым свеце ў зомбі, існуе на самай справе?
Падступны грыбок
У цэнтры сюжэту "Апошніх з нас" — бацька і дачка, якія спрабуюць выжыць у ахопленым нашэсцем грыбка свеце. Гэты грыбок ператварае ўсіх вакол у зомбі, а называецца ён... кардыцэпс. Самае цікавае: такі грыбок на самай справе існуе. І ператварае ў "зомбі" дробных насякомых.
Грыбок-паразіт, кардыцэпс, спачатку пранікае ў арганізм "ахвяры": напрыклад, вусеняў матылька. У выніку тыя пачынаюць сябе бязладна паводзіць: грыбок захоплівае "кіраванне" над рухальнымі функцыямі, пакуль расце ўнутры. Урэшце ён забівае свайго гаспадара і вырастае з яго цела падобным на вусік сцяблом. Тое выпускае новыя споры і заражае ўжо наступных насякомых.
Як гэта выглядае? Ператварэнне ў "зомбі" было зафіксаванае ў адным з эпізодаў дакументальнага праекта BBC "Планета Зямля". Дарэчы, менавіта ім і натхніліся стваральнікі гульні "The Last Of Us".
Людзі ў небяспецы?
Адразу скажам: не, кардыцэпс вам ніяк не нашкодзіць. Нават па сюжэце гульні і серыяла грыбку даводзіцца сур'ёзна мутаваць, каб паражаць людзей, ну і да таго ж, у "зомбі" ён ператварае досыць умоўна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.