ЗША накіравалі Ізраілю строгі ліст і патрабуюць паклапаціцца пра людзей у Газе
Сектар Газа
ЗША далі Ізраілю 30 дзён на тое, каб пашырыць доступ да гуманітарнай дапамогі ў Газе. У адваротным выпадку краіна рызыкуе застацца без амерыканскай ваеннай дапамогі.
Гэтае патрабаванне ЗША выклалі ў лісце, адпраўленым у Ізраіль у нядзелю. ВВС піша, што гэта самае строгае з вядомых пісьмовае папярэджанне амерыканцаў сваім саюзнікам. Яно з'явілася на фоне новага наступу Ізраіля на поўначы Газы, якое прывяло да ахвяр сярод мірнага насельніцтва.
У дакуменце гаворыцца, што ЗША глыбока занепакоеныя пагаршэннем гуманітарнай сітуацыі. Паводле амерыканскіх звестак, у мінулым месяцы Ізраіль забараніў або перашкодзіў амаль 90% гуманітарных перавозак паміж поўначчу і поўднем.
Ізраільскі чыноўнік паведаміў, што вывучае ліст. Ён запэўніў, што Тэль-Авіў "сур'ёзна ставіцца да гэтага пытання" і мае намер вырашыць узнятыя амерыканцамі праблемы.
Раней Ізраіль заяўляў, што пераследуе баевікоў ХАМАС на поўначы Газы і не перашкаджае ўвозу гуманітарнай дапамогі. Паводле звестак ізраільскага боку, у панядзелак 30 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай ад Сусветнай харчовай праграмы заехалі на поўнач сектара Газа. Раней цягам двух тыдняў, паводле звестак ААН, на поўнач не паступала харчовай дапамогі. Запасы, неабходныя для выжывання 400 тысяч палесцінцаў, падыходзілі да канца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.