Звольнілі дырэктара музычнага каледжа, на чыім участку перамагла Ціханоўская
У Гродне на пачатку лютага звольнілі дырэктара музычнага каледжа Аляксея Саладухіна, паведамляе Hrodna.life са словаў студэнтаў навучальнай установы.
Саладухін кіраваў музычным каледжам у Гродне больш за 20 гадоў. Сваю працу ў каледжы ён пачынаў на пасадзе выкладчыка, а дырэктарам стаў у 1998 годзе.
На прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года Саладухін быў старшынёй участковай выбарчай камісіі. На яго ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская.
"Знялі з пасады за тое, што не фальсіфікаваў выбары, і не звальняў студэнтаў і выкладчыкаў пасля пратэстаў. А ў выніку звольнілі яго без права на працаўладкаванне па спецыяльнасці", — распавёла журналістам крыніца, набліжаная да каледжа.
На педсавеце ў каледжы на пачатку лютага Саладухін паведаміў калегам, што сыходзіць па ўласным жаданні.
Дарэчы, у лістападзе 2020-га ў Брэсце знялі з пасады яшчэ аднаго дырэктара музычнага каледжа — Алега Роўду. На выбарах 2020 года на яго ўчастку таксама перамагла Святлана Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.