$1 млрд МВФ можа не дайсці да Беларусі: рэч у легітымнасці беларускіх уладаў
МВФ мае намер вылучыць Беларусі $1 млрд / Reuters
Беларускія ініцыятывы, у тым ліку штаб Святланы Ціханоўскай і НАУ, а таксама некаторыя прадстаўнікі Кангрэса ЗША імкнуцца не дапусціць, каб амаль $1 млрд ад МВФ трапіў у распараджэнне цяперашніх беларускіх уладаў. Рашэнне фонду па падтрымцы эканомікі Беларусі на такую суму ўжо прынятае і набудзе моц 23 жніўня.
Еўрарадыё разабралася, ці можа бязвыплатная дапамога МВФ усё ж папоўніць Беларускія рэзервы і чаму наогул МВФ гатовы дапамагаць Беларусі.
МВФ раздае грошы ўсім краінам-удзельніцам
У 2017 годзе ў Беларусі была магчымасць узяць у крэдыт у МВФ. Тады ўраду не ўдалося пераканаць фонд у тым, што ў краіне сапраўды пройдуць неабходныя рэформы, і супрацоўніцтва было прыпыненае.
Цяпер сітуацыя іншая. МВФ раздае грошы бязвыплатна, каб падтрымаць краіны-ўдзельніцы фонду ў час крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса.
— Гэта не крэдыты, а чарговае размеркаванне спецыяльных правоў запазычвання (SDR), — расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. — Гэта рэзервовы актыў. Было некалькі яго эмісій. Першая вельмі маленькая была ў пачатку васьмідзясятых гадоў. Потым у 2009 годзе як рэакцыя на глабальны крызіс — каля 300 мільярдаў долараў. Цяпер адбываецца трэцяе, самае маштабнае ў гісторыі размеркаванне SDR — 650 мільярдаў долараў.
Эканаміст адзначае, што МВФ бачыць пагрозу глабальнай фінансавай стабільнасці, таму вылучае дапамогу.
— Беларусь у адпаведнасці са сваёй квотай у МВФ [0,14%. — Еўрарадыё] можа прэтэндаваць на суму, блізкую да аднаго мільярда долараў. Квота, груба кажучы, адлюстроўвае велічыню эканомікі краіны ў глабальнай эканоміцы. Гэтыя грошы аддаваць не давядзецца. SDR звычайна проста ляжаць у рэзервах, выступаючы страхоўкай, дадатковай ступенню трываласці для ЗВР.
Пры неабходнасці гэтыя сродкі можна абмяняць на традыцыйныя валюты.
Большасць краін у МВФ не прызнае легітымнасці беларускіх уладаў
— Не сакрэт, што ініцыятывы па замарозцы дапамогі актыўна прасоўваюцца, каб беларускія ўлады не атрымалі гэтыя сродкі, — працягвае Дзмітрый Крук. — Як юрыдычна гэта можна абгрунтаваць і якія шанцы гэтага — вялікае пытанне. Думаю, нейкія шанцы ёсць, але падобных прэцэдэнтаў менавіта ў дачыненні да SDR практычна не было.
Эканамічная група НАУ падкрэслівае, што, хоць пастанова аб размеркаванні SDR ужо прынятая МВФ, магчымасць заблакаваць сродкі для беларускіх уладаў вельмі вялікая.
— Размеркаванне адбываецца сярод усіх краін-удзельніц, без выключэння. І пералічэнне спецыяльных правоў запазычвання на SDR-рахунак Беларусі таксама адбудзецца. Пытанне ў тым — ці будзе ў рэжыму Лукашэнкі, а канкрэтна ў яго прадстаўнікоў у МВФ Паўла Калаура [кіраўнік Нацбанка. — Еўрарадыё] і Юрыя Селіверстава [міністр фінансаў. — Еўрарадыё], доступ да гэтага рахунку.
Эксперты НАУ кажуць, што доступ да рахунку можа быць адкрыты толькі легітымным прадстаўнікам краін.
— З улікам непрызнання Лукашэнкі, яго ўрада — пытанне доступу да гэтага рахунку далёка не вырашанае. Можа ўзнікнуць сітуацыя, калі рэсурс размеркаваны і нават пералічаны, але атрымаць яго немагчыма. Таму цяпер наша задача — дамагчыся правядзення пасяджэння МВФ па Беларусі, на якім будзе разгледжана пытанне пра непрызнанне легітымнасці прадстаўнікоў рэжыму ў МВФ і адмову ім у доступе да SDR-рахунку.
Аляксандра Лукашэнку не прызналі легітымным прэзідэнтам на ўзроўні МЗС 56% краін-удзельніц МВФ, падкрэсліваюць у НАУ.
— Парламентарыі Вялікабрытаніі і кангрэсмены ЗША з кокуса "Сяброў Беларусі" ўжо звярнуліся да ўпаўнаважаных прадстаўнікоў сваіх краін у МВФ з заклікам заблакаваць сродкі. У ходзе сустрэчы НАУ ў Міністэрстве фінансаў Польшчы намі быў перададзены ліст яе ўпаўнаважаным прадстаўнікам у МВФ. Мы накіравалі аналагічныя лісты яшчэ прыкладна ў 50 краін. Магчымасць заблакаваць для Лукашэнкі запаветны мільярд ад МВФ ёсць. І шанцы досыць высокія.
Праз непрызнанне ўсімі сябрамі МВФ легітымнасці ўлады ў Венесуэле і М'янме доступ да рэсурсаў МВФ для іх быў заблакаваны. На гэтыя прэцэдэнты НАУ і звяртае ўвагу кіраўніцтва МВФ і прадстаўнікоў краін у Савеце кіраўнікоў фонду, якія не прызналі выбараў у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.