12 самых танных спосабаў барацьбы з пахмеллем

12 самых танных спосабаў барацьбы з пахмеллем

Што рабіць, калі падчас святкавання вы перабралі з алкаголем, а 1 студзеня трэба быць чалавекам. Альбо хаця б выглядаць, як чалавек. Парадамі дзеліцца загадчык сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага кансультацыйнага аддзела РНПЦ псіхічнага здароўя, урач псіхіятр-нарколаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Уладзімір Максімчук.

“Пахмелле — гэта рэакцыя арганізма на такую дозу алкаголю, якую чалавек не можа нармальна пераносіць. Галаўны боль, дрэннае самаадчуванне, лёгкая млоснасць — вось гэтыя сімптомы”, — расказвае Уладзімір Максімчук. Самыя лепшыя і зручныя спосабы, на думку, урача, наступныя:

 

Вада

Выпіць трэба паўтара літра на працягу 2-3 гадзін. Прычым, піць трэба абавязкова негазаваную і лёгка падсоленую ваду. Яна здымае інтаксікацыю. Можна мінералку, але яна абавязкова павінна быць негазаванай. Таму папулярныя грузінскія маркі не зусім падыходзяць.

 

Таблеткі

Ад галаўнога болю можна прымаць цытрамон. Гэта самы бяспечны і лепшы сродак, калі напярэдадні вы не разлічылі дозы алкаголю.

 

Рукі

Калі няма таблетак (альбо грошай на іх зусім не засталося) дактары раяць пацерці скроні, альбо моцна, да чырвані, расцерці рукамі вушы. Там ёсць рэцэптары, якія танізуюць арганізм.

12 самых танных спосабаў барацьбы з пахмеллем

Лімоны

Кавалкамі лімона таксама можна нацерці віскі (націск на апошні склад, а не тое, што вы падумалі) — гэта здыме галаўны боль. Некаторыя раяць лімоны есці, але для атрымання эфекту трэба заглынуць ажно 5-6 фруктаў. Сур’ёзнае выпрабаванне.

 

Таматны сок

Дапаможа нават шклянка. Уладзімір Максімчук раіць для лепшага эфекту дадаць у сок крыху перцу і солі ды піць гэта дробнымі глыткамі.

 

Вугаль

Трэба выпіць некалькі таблетак актываванага вугалю. Вельмі добры сродак.

 

Трава

Не тая, пра якую вы падумалі, а травяная гарбата. Мята, рамонак. Гэта нашмат лепш за звычайную чорную гарбату і тым больш за каву. Выдатна супраць пахмелля змагацца з дапамогай імбірнага кораня — яго можна набыць у крамах. Піць трэба гарачы настой з яго.

Каву піць нельга, бо яна ўздзейнічае на тыя ж рэцэптары, што і алкаголь, і ў выніку можа нават узмацніць пахмелле.

12 самых танных спосабаў барацьбы з пахмеллем

Нашатырны спірт

Шэсць кропляў, больш не трэба. У шклянку з вадой, піць дробнымі глыткамі.

 

Фізкультура

Добры спосаб (і абсалютна бясплатны). Некалькі фізічных практыкаванняў выдатна дапамогуць у барацьбе з пахмеллем. Узбадзёраць арганізм.

 

Душ

Душ дапамагае і звычайны цёпленькі, але калі ён кантрасны — то халодны, то гарачы — эфект будзе нашмат лепшым.

 

Мёд

Таксама нядрэнна дапамагае ад пахмелля. Дастаткова нават лыжкі. Можна дадаць у травяную гарбату, альбо з’есці так.

 

Вітаміны

Эфект той жа, што і ад мёду, ці ад лімонаў. У дадатак, вітаміны ўзмоцняць замучаны святамі арганізм.

 

Уладзімр Максімчук нагадвае, што лепш за ўсё святкаваць з невялікімі дозамі алкаголю, якія не змогуць выклікаць на раніцу вялікіх праблем для самаадчування. Еўрарадыё далучаецца да парадаў эксперта і віншуе усіх з Новым годам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі