19 снежня адбудзецца страйк прадпрымальнікаў, але падтрымаюць яго не ўсе

19 снежня ў Беларусі мусіць прайсці аднадзённы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. Яго ініцыяваў кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Аднак высветлілася, што падтрымліваюць яго не ўсе лідэры ІП. Нагадаем, індывідуальныя прадпрымальнікі пратэстуюць супраць дэкрэта прэзідэнта, паводле якога яны могуць наймаць працаўнікоў толькі з ліку членаў сям’і і блізкіх сваякоў. 10 снежня ў Мінску прайшоў несанкцыяваны мітынг і шэсце прадпрымальнікаў, якія перадалі свае патрабаванні ў Палату прадстаўнікоў.

Акцыю арганізавалі актывісты кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” і іншых структур, а вось “Перспектывы” сярод іх не аказалася. Лідэры маніфестантаў былі арыштаваныя.

Вось што гаворыць пра мэты страйку 19 снежня Анатоль Шумчанка:

“На сённяшні дзень галоўнае – праявіць салідарнасць з прадпрымальнікамі, якія ў турме, і паказаць уладам, што калі сядзяць людзі, гэта не значыць, што ўсё замоўкне і будзе ціха. Знойдуцца іншыя, якія будуць гаварыць пра гэта і таксама працягваць барацьбу”.

Паводле словаў Шумчанкі, не ўсе лідэры прадпрымальніцкага руху падтрымалі яго акцыю. Некаторыя пыталіся: дзе ён быў 10-га?

Ірына Яскевіч
, прадстаўніца рэспубліканскага прафсаюза малога бізнэсу “Разам” (ён знаходзіцца ў стадыі рэгістрацыі) з Віцебску ў інтэрв’ю Еўрарадыё гаворыць:

“У нас агульная справа — значыць, рабіць яе трэба супольна. Ніводную з гэтых арганізацый Шумчанка не папярэдзіў, што спрабуе падтрымліваць тых, якія нават не ў курсе, што ён іх падтрымлівае… І другое ў нас пытанне да Шумчанкі: дзе ён быў 10-га? Чаму яго не было побач?”

Шумчанка кажа, што сябры арганізацыі былі на плошчы, а сам ён засцерагаўся арышту, што перашкодзіла б правядзенню акцыі 19-га.

Ірына Яскевіч гаворыць, што ва ўмовах, калі дагэтуль арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў, перамовы з уладамі немагчымыя (а іх спачатку называў адной з мэтаў страйку Шумчанка, цяпер ён таксама кажа, што перамовы немагчымыя, але патрабуе сустрэчы з Лукашэнкам).

Толькі пасля іх выхаду на волю будзе вырашацца далейшая стратэгія адносінаў з уладамі. Паводле Яскевіч, яе структура заўтра працу не спыніць.

Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў, які адседзеў 7 сутак пасля мітынгу 10 снежня і ўжо выйшаў на волю, прызнаў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што сярод лідэраў прадпрымальніцкага руху існуюць рознагалоссі. Аднак ён сказаў, што падтрымаў страйк:

“Проста складаныя ў нас адносіны з Шумчанкам… Але я заклікаў да салідарнасці. Я яго асабіста падтрымаў, правёў сёння сход на будаўнічым рынку ў Ждановічах. Але не ведаю, наколькі масавай атрымаецца акцыя…”

Паводле Шумчанкі, заўтра мы пабачым пераважна пустыя рынкі і зачыненыя крамы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі