200 выпускнікоў ВНУ скарысталіся фіктыўным размеркаваннем

Працоўная кніжка, ілюстрацыйнае фота

Працоўная кніжка, ілюстрацыйнае фота / 1prof.by

Сілавікі затрымалі 39-гадовага беларуса, які, як мяркуе следства, дапамагаў выпускнікам ВНУ пазбягаць адпрацоўкі пасля размеркавання. Мужчына зарэгістраваў некалькі кампаній, куды "фіктыўна" працаўладкоўваў выпускнікоў. Рэкламу сваёй паслугі ён размяшчаў у сацсетках. У паведамленнях гаварылася, што кампанія аказвае паслугі па працаўладкаванні студэнтаў. Ён "дапамагаў" усім, акрамя лекараў, міліцыі і вайскоўцаў. Даход бізнэсоўца дасягаў 15 тысяч рублёў на месяц, распавялі сілавікі ў эфіры БТ. 

Бюджэтнікаў афармлялі на 0,1 стаўкі, іх заробак складаў не больш за 60 рублёў на месяц. З яе вылічвалі страхавыя ўзносы і падаходны падатак. Пры гэтым выпускнікам заводзілі працоўныя кніжкі, а пры неабходнасці на іх пісалі характарыстыкі з працы. У рэальнасці былыя студэнты па месцы размеркавання не працавалі. За гэтую паслугі выпускнікі разава плацілі па 500-700 рублёў. А затым яшчэ кожны месяц у перыяд фіктыўнай адпрацоўкі аддавалі затрыманаму па 170-200 рублёў. 

На мужчыну завялі крымінальную справу. А выпускнікоў абавязалі вярнуць сродкі, затрачаныя на іх навучанне. Доўг можа перавышаць і 50 тысяч рублёў. Устаноўлены 200 чалавек, якія скарысталіся паслугамі бізнесменамі. Яшчэ тысячу чалавек правяраюць. "Мы дойдзем да кожнага", — заявіла прадстаўніца Следчага ўпраўлення па Мінску. Яна звярнулася да тых, хто карыстаўся паслугамі прадпрымальнікамі з "асабістым настойлівым саветам": "добраахвотна вырашыць фінансавыя пытанні з ВНУ, з той навучальнай установай, у якой вы атрымалі адукацыю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі