2020 як 2015: чым сёлетнія прэзідэнцкія выбары падобныя да мінулых
Беларусы па-за палітыкай
За пяць гадоў беларусы не сталі больш цікавіцца палітыкай і больш верыць у тое, што нешта ў краіне можна змяніць палітычнымі метадамі. Нізкая яўка на парламенцкіх выбарах увосень 2019 года — яскравае таму пацвярджэнне. Асобныя ўспышкі накшталт пратэсту “недармаедаў” у 2017 годзе так і засталіся асобнымі ўспышкамі.
“Галоўная праблема для апазіцыі палягае ў тым, што за шмат гадоў рэжым яе маргіналізаваў і ёй цяжка дагрукацца да масы, якая збольшага дэпалітызаваная. Улады шмат гадоў перамолвалі пратэсты, ужывалі рэпрэсіі — і адбілі ў беларусаў ахвоту лезці ў палітыку. Гэтыя чыннікі працавалі супраць апазіцыі ў 2015 годзе, яны працуюць і цяпер, але цяпер дадалася яшчэ і “карона”, — мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.
Правілы гульні не змяніліся
Палітычная сістэма Беларусі і парадак правядзення выбараў змяніліся нязначна. Чыноўнікі памяняліся крэсламі, сёй-той пайшоў з палітыкі. Але і прэм’ер-міністр, і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, і Палата прадстаўнікоў (у якой зноў няма дэпутатаў ад сістэмнай апазіцыі) як былі, так і застаюцца не больш чым фонам для Аляксандра Лукашэнкі.
На сваім месцы і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Паміж выбарамі яна паспела зрабіць заяву пра тое, што ў Беларусі няблага было б знізіць колькасць подпісаў, якія трэба сабраць кандыдату ў прэзідэнты. Але гэтага зроблена не было — як не былі ўнесеныя ў выбарчае заканадаўства і змены, на якіх настойвала дэмакратычная апазіцыя.
Парламенцкая кампанія 2019 года паказала, што ў плане таго, як у Беларусі арганізуюцца выбары, нічога прынцыпова не змянілася. А тое, што ў выбарах зноў удзельнічае Лукашэнка, робіць шанц любога іншага кандыдата на перамогу ілюзорным. Экс-дэпутатка Алена Анісім, даведаўшыся, што дзейны кіраўнік Беларусі зноў вылучаецца ў 2020-м, адмовілася ад ужо агучаных было планаў вылучаць сваю кандыдатуру.
Адносіны з Захадам
Перад выбарамі 2015 года Лукашэнка пачаў паляпшаць адносіны з Захадам, зрабіў пэўныя крокі: вызваліў палітзняволеных і дыстанцыяваўся ад Масквы па “ўкраінскім пытанні” — заняў нейтральную пазіцыю і пазіцыянаваў Беларусь як галоўнага міратворца Еўропы.
“Гэта дапамагло яму выйсці з іміджу “апошняга дыктатара Еўропы”, які заходнікі ўжо перанеслі на Пуціна. Тады знешнія чыннікі для Лукашэнкі былі спрыяльныя. Расія ўлезла ў Крым і Данбас, таму ёй было не да Лукашэнкі, — мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. — У цяперашняй сітуацыі, вядома, Захад дзівіцца ўсякім суботнікам, парадам, але гэтыя здзіўленні не пяройдуць у нейкія актыўныя дзеянні супраць Лукашэнкі”.
Адносіны з Расіяй
Тэндэнцыя на нецікавасць да выбараў у Беларусі з боку Крамля захаваецца, як і ў 2015 годзе.
“У Расіі зараз і кошты на нафту ўпалі, і каранавірус, таму ім будзе не да Лукашэнкі зноў. Хоць Лукашэнка і кідаў апошнія месяцы камяні ў бок агарода Крамля, а вось зараз і карэспандэнта выслаў, і парадам, думаю, таксама пакрыўдзіў Пуціна, — працягвае Класкоўскі. — Усё гэта нібыта падштурхоўвае Маскву да таго, каб зрабіць “бяку” Лукашэнку, але іх галовы зараз занятыя іншым: Пуціну трэба думаць, як давесці да канца канстытуцыйную рэформу.
Лукашэнка, вядома, Маскву раздражняе, ён ім не падабаецца, але, з іншага боку, да яго прывыклі, ведаюць, што не будзе пераходзіць нейкія чырвоныя рысы. Ну, можа, здымуць чарговага “Хроснага бацьку”, як гэта было ў 2010-м, але не болей за тое”.
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч мяркуе, што ў сувязі з канфліктам з Расіяй Лукашэнка будзе рабіць акцэнт на суверэнітэце і незалежнасці, але не думае, што ўся кампанія будзе рабіцца на вобразе ворага ў асобе Расіі.
“Наўрад ці Расія будзе неяк спрабаваць усур’ёз гуляць у гэтай выбарчай кампаніі — выстаўляць нейкага свайго кандыдата. На гэта ёсць некалькі прычын: па-першае, няма сапраўдных выбараў, таму няма асаблівага сэнсу выстаўляць кандыдата і выдаткоўваць сродкі, па-другое, не думаю, што зараз Расія ставіць задачу адхіліць Лукашэнку ад улады падчас гэтых выбараў, бо замест Лукашэнкі можа прыйсці іншы лідар, які можа яшчэ больш дыстанцыявацца ад Расіі. Але магчыма нейкая гульня толькі для таго, каб патроліць Лукашэнку”.
У кандыдата жаночае аблічча
Пра намер вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 12 траўня заявіла Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і экс-сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Калі яе ініцыятыўную групу зарэгіструюць ды яна здолее сабраць неабходную колькасць подпісаў на вылучэнне, гэта значыць, што ў нас зноў будзе кандыдатка ў прэзідэнты.
У 2015 годзе першай жанчынай, якая змагалася з Лукашэнкам на выбарах, стала Таццяна Караткевіч з “Гавары праўду”. Паводле ЦВК, за яе аддалі свае галасы ўсяго 4,42% выбаршчыкаў, але тым не менш яна здолела абысці Сяргея Гайдукевіча з ЛДПБ і кандыдата-казака Мікалая Улаховіча.
Гайдукевіч 2.0
Хутчэй за ўсё, у бюлетэнях мы зноў пабачым не толькі прозвішча Лукашэнка, але і Гайдукевіч. Пасля трох прэзідэнцкіх кампаній на змену Сяргею Гайдукевічу прыйшоў яго сын Алег. Летась ён узначаліў замест бацькі Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі. А сёлета яго першая электаральная кампанія прэзідэнцкага ўзроўню.
Больш эмацыйны за Гайдукевіча-старэйшага былы міліцэйскі начальнік сам сябе называе “сапраўднай апазіцыяй”, а калег з “традыцыйнага” лагера моцна крытыкуе і не цураецца выразаў. Цягам кампаніі варта чакаць ад Гайдукевіча гучных заяў супраць сваіх апанентаў. Акрамя, вядома, кандыдата з прозвішчам Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.