23 падлеткі затрыманыя ў Беларусі за незаконны абарот наркотыкаў
Фота gomel.today
У 2019 годзе за ўдзел у незаконным абароце наркотыкаў супрацоўнікі наркакантролю затрымалі 23 падлеткі. Пра гэта ў інтэрв'ю "Народнай газеце" расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Генадзь Казакевіч.
"Надзённай тэмай па-ранейшаму з'яўляецца ўдзел непаўналетніх у незаконным абароце наркатычных сродкаў. Колькасць злачынстваў з іх удзелам паступова зніжаецца: у гэтым годзе затрыманыя 23 чалавекі. Але тут важна памятаць, што кожны выпадак — не проста парушэнне закона, а трагедыя для ўсёй сям'і. І няважна, ідзе гаворка пра смяротную залежнасць ці пра працяглы тэрмін пазбаўлення волі. Пры гэтым асноўнай пляцоўкай, праз якую моладзь залучаюць у крымінальную дзейнасць, па-ранейшаму застаецца інтэрнэт", — сказаў Казакевіч.
У артыкуле НГ прыведзеная статыстыка па колькасці крымінальных спраў, заведзеных за незаконны абарот наркотыкаў у інтэрнэце. У 2015 годзе іх было 323, а да 2018-га лічба вырасла да 734. За 8 месяцаў 2019 года такіх злачынстваў было 533.
На фоне павелічэння ўзроўню агульнакрымінальнай злачыннасці колькасць нарказлачынстваў зніжаецца, адзначае Казакевіч. У 22 разы знізілася колькасць перадазіровак наркотыкамі непаўналетніх. Апошні выпадак гібелі непаўналетніх зарэгістраваны ў 2014 годзе, гаворыцца ў артыкуле "НГ".
Летам Еўрарадыё пісала пра трох падлеткаў, якія зрабілі 44 закладкі наркотыкаў. Іх судзілі на падставе часткі 3 артыкула 328 КК — незаконнае набыццё, захоўванне і збыт наркотыкаў. Двое непаўналетніх атрымалі па 10 гадоў пазбаўлення волі, трэці — 9. З улікам амністыі тэрміны зменшыліся на 2 гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.