3, 5, 7 дзён самаізаляцыі — ці 14 дзён? Мінздароўя пярэчыць Лукашэнку
Аляксандр Лукашэнка кажа, што людзей не трэба трымаць у хатняй самаізаляцыі 14 дзён. 3, 5, 7 дзён — дастаткова. Ды людзі і самі "не будуць 14 дзён сядзець", — кажа кіраўнік краіны.
"Мы бачым, што чалавек нармальны, ён у нас пабыў 3-5 дзён. Доктар бачыць (ужо з досведу), што яго там трымаць не трэба, але трэба паберагчы. Мы яму, груба кажучы, па-народнаму, у зубы дакумент, ён распісваецца, а доктар яму прапісвае 3, 5, 7 дзён на гэтую самаізаляцыю (то бок гэта фактычна амбулаторнае лячэнне). Ён у нас на кантролі, — даводзіў Лукашэнка сваю пазіцыю кіраўнікам Адміністрацыі прэзідэнта, Савета Рэспублікі і Мінздароўя. — Калі трэба, мы яго лечым, доктар прыходзіць. Міліцыя кантралюе, каб ён гэтыя 3 ці 5 прапісаных у дакуменце дзён сядзеў дома".
Не зусім зразумела, пра якіх пацыентаў тут кажа Аляксандр Лукашэнка: пра людзей з лёгкай формай COVID-19 ці пра кантакты першага ўзроўню. І тых, і другіх у Беларусі сёння выпісваюць з лякарняў пад абавязальнічтва сядзець у хатняй самаізаляцыі.
Натуральна, пасля такіх заяваў людзі пачалі хвалявацца і задаваць пытанні. "Навошта вы хочаце абмежаваць тэрмін самаізаляцыі да 3-5 дзён кантактам першага ўзроўню, калі інкубацыйны перыяд [COVID-19] доўжыцца два тыдні?" — запытаўся нехта падчас Youtube-стрыму ў прадстаўніка Мінздароўя Аляксандра Пацэева.
"Гэта няпраўда, мы не абмяжоўваем тэрмін самаізаляцыі. Тэрмін самаізаляцыі ў гэтай сітуацыі — 14 дзён ад моманту апошняга кантакта. Усё гэта вызначана пастановай Савета міністраў аб самаізаляцыі. Таму — ніхто не абмяжоўвае", — адказаў той.
То бок, хатняя самаізаляцыя ўсё ж мусіць доўжыцца 14 дзён, што б там хто ні казаў. Па той жа пастанове Саўміна, якую згадаў Аляксандр Пацэеў, на ўвесь гэты час чалавеку мусяць выпісаць бальнічны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.