30 Seconds To Mars: “This Is War” з паветранымі шарамі і канфеці

Канцэрт 30 Seconds To Mars для Еўрарадыё пачаўся яшчэ з аўтобуса №1, які едзе акурат да Мінск-Арэны. Зразумець, што ў той ці іншы дзень у Арэне канцэрт ці хакей вельмі проста — увапхнуцца ў аўтобус проста нерэальна, нягледзячы на дадатковы транспарт. З гэтага ж самага аўтобуса №1 і пачалася так званая дзявочая салідарнасць прыхільніц каманды Джарэда Лета: дзяўчаты-падлеткі ўціскваліся па чатыры на крэслы, разлічаныя на дваіх, каб усе маглі змясціцца. А тыя, хто стаяў у праходзе, выходзілі і заходзілі на кожным прыпынку толькі разам — калі не “змяшчалася” адна, выходзілі ўсе адразу.

Ужо ў фае Арэны нібыта лунаюць флюіды каліфарнійскага гурта. Нечакана становімся сведкамі размовы дзяўчат, якія набылі VIP-квіткі на “Марсіян” і аўтаматычна трапілі на meet and greet са сваімі кумірамі. Адна з іх так заўзята распавядае пра тое, як прайшла сустрэча, што нават праз некалькі гадзін пасля яе гатовая страціць прытомнасць. Складваецца ўражанне, што канцэрт можна з дакладнасцю акрэсліць адной фразай: кожная маленькая дзяўчынка марыць пра вялікае каханне. І гэтае каханне — Джарэд Лета.

У зале — прадказальны аншлаг. Ставім сабе за мэту не патануць у дзявочых слязах шчасця і пераступаем парог фан-зоны.

Каб лепш пранікнуцца феноменам “Марсіян”, давялося мімікраваць у натоўпе дзяўчат першага шэрагу танпола. За сваіх нас не прынялі — ні табе намяляванай “трыады” (сімвала гурта — заўв.рэдакцыі) на тварах, ні адмысловых рознакаляровых бранзалетаў, што свецяцца ў цемры, ні лістоў са словамі “Welcome back”, якімі сустракалі гурт. “А якая ў Вас любімая песня?” — недаверліва пытаецца адна з дзяўчын. І гэтае “Вы” адразу акрэслівае прорву паміж намі і большасцю прысутных на пляцоўцы.

“Гэта мой любімы гурт, — вырашае паўдзельнічаць у нашым дыялогу дзяўчына побач. — Вы паглядзіце, якая ў іх харызма! Я ўпэўненая, 30 Seconds To Mars будуць жыць вечна. Я выкрэслівала дні ў календары да гэтага канцэрта. Вядома, хочацца сёння пачуць больш олдскульных песень, але наўрад ці яны прагучаць. А ўвогуле, мы, у прынцыпе, любім усе альбомы каманды”.

Канцэрт пачаўся без разагрэваў і дадатковых прэлюдый. Музыкі з’явіліся на сцэне з гадзінным спазненнем ды пад гучны дзявочы віск. У зале пагасла святло, і гэтыя долі секунды пераўтварыліся ў барацьбу жадаючых пераскочыць праз агароджу танпляца ў фан-зону. У некаторых гэта атрымалася, іншым пашанцавала менш — ахоўнікі іх лавілі і адпраўлялі назад на танцпляц. Відаць, Джарэд добра ведае, на што здольная армія яго фанатаў, таму ўвесь час гіпнатычна паўтарае са сцэны: “Што вы зробіце, калі нехта ўпадзе? Вы дапаможаце яму падняцца!”.

Пад “This Is War” у залу паляцелі вялікія паветраныя шарыкі а з — пад столі пасыпалася канфеці. Публіка працягвала спяваць хорам, а нам падумалася, што нават вайна ў адэптаў Джэрада Лета гэткая рамантычная і рознакаляровая, як гэтыя шары. Апраўдваючы статус самага даступнага для фанаў артыста, Джарэд запрашае на сцэну хлопца з фан-зоны, доўга размаўляе з ім, пытаецца, адкуль ён прыехаў на канцэрт і дазваляе зрабіць сумеснае “сэлфі”. У адказ шчасліўчык віншуе музыку з “Оскарам”.

“Я не настолькі фанатка гурта, — кажа наша кампаньёнка, 16-гадовая Насця. — Але я гэтаму хлопцу зайздрошчу!” Бадай, гэтая сувязь і узаемадзеянне вакаліста “Марсіян” з гледачамі ўражвае больш за ўсё — на сцэну бясконца падымаюцца людзі, музыка даволі шчыра і ветліва з імі размаўляе, абдымае, робіць сумесныя фота.

Тым часам, гледачы віншуюць з Днём нараджэння бубнача каманды Шэнана Лета, а ў адказ на віншаванні Джарэд запрашае на сцэну імяніннікаў з залы: “Вы можаце глядзець канцэрт побач з намі, на сцэне, гэта наш падарунак”. Але больш за ўсіх пашанцавала дзяўчыне Дашы, якую музыка запрасіў на сцэну, запытаўся, пра наяўнасць бойфрэнда, і ці ўмее яна варыць боршч, а пасля выканаў для яе песню і на развітанне дазволіў пацалаваць сябе ў шчаку.

У выніку бадай што палову канцэрта за Лета спяваюць удзячныя гледачы і трэба адзначыць, такіх адладжаных харавых спеваў я не бачыла яшчэ ні на адным з канцэртаў. Усё ж, дзяўчаты далікатнага ўзросту — самая ўдзячная аўдыторыя. Джарэд выступае ў якасці дырыжора, ўпэўнена трымае ўсю увагу на сабе і з лёгкасцю ўпраўляе залай — публіка радуецца і спявае хорам. Ідылія. Лета ведае, калі і што трэба сказаць, пранікнёна спявае пра “I’ll never forget”, пры гэтым зазіраючы ў вочы чарговай дзяўчынцы ў фан-зоне. Будзь упэўнены, Джарэд, яны таксама не забудуць.

Падчас фінальнай "Up in the Air" Джарэд выцягнуў на сцэну з паўсотні гледачоў з фан-зоны і сектараў. ”I promise. I promise you one thing: we wiil come back in Belarus again and again and again!” Што ж, дзяўчаты могуць зноў пачынаць эканоміць на школьных сняданках. Што да нас, каб даляцець да Марса, нам не хапіла больш за 30 секунд, але ў нейкай касмічнай прасторы мы пабывалі дакладна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі